БЕЛ Ł РУС

Каця Вінаградава з СМА стала першай беларускай, якая атрымала ўкол Itvisma

24.04.2026 / 10:00

Ганна Стафановіч

Доўгачаканы ўкол дзяўчынцы з Кобрына зрабілі ў Дубаі.

Каця Вінаградава ў клініцы ў Дубаі. Фота з інстаграма

Нагадаем, Каця Вінаградава мае СМА II тыпу — небяспечнае генетычнае захворванне, якое прыводзіць да мышачнай слабасці. У 2024 годзе — дзяўчынцы тады было 6 гадоў — яна «развучылася» хадзіць і перасоўвалася на каленях (гэта адно з наступстваў хваробы). Дактары папярэдзілі бацькоў, што хвароба будзе прагрэсаваць і закране глытанне і дыханне.

Два гады сям'я і валанцёры змагаліся за тое, каб сабраць 1,8 мільёна даляраў на ўнікальны прэпарат Zolgensma, які спыняе развіццё хваробы.

На жаль, атрымаць яго Каця так і не змагла. Прычыны не агучваліся, але, імаверна, праблема такая ж, як і ў Ксюшы Майсеенка — пакуль ішоў збор грошай, было страчанае акно перавагі.

Але ж ёсць і добрыя навіны. Каця Вінаградава стала першай беларускай, якая атрымала ўкол Itvisma.

Гэта прэпарат, які актывуе працэс выпрацоўкі патрэбнага бялку, падтрымлівае жыццяздольнасць нервовых клетак. Гэта запавольвае развіццё хваробы, дапамагае захаваць рухальныя функцыі, у некаторых выпадках — паляпшае стан пацыента.

Itvisma не вылечвае СМА цалкам, але дазваляе кантраляваць хваробу і значна палепшыць якасць жыцця. Аднак гэтыя лекі вельмі дарагія. У адрозненне ад Zolgensma (там дастаткова аднаго ўколу), Itvisma трэба калоць на працягу ўсяго жыцця. Кошт курса на год складае сотні тысяч даляраў.

Каця Вінаградава знаходзіцца на лячэнні ў Дубаі. Прэпарат уводзілі ў спінны мозг — усё прайшло па плане. Цяпер дзяўчынка ўжо не ў клініцы, а ў гатэлі. Па словах родных, яна адчувае сябе добра.

А ў Беларусі тым часам ідзе тэрміновы збор для чатырохгадовага Максіма Куліды з Мазыра, у якога СМА трэцяга тыпу.

Чытайце таксама:

Сям’я рызыкуе спазніцца з лячэннем дачкі, калі не закрыць збор у найбліжэйшы месяц

«Акно страчанае». Зрабіць укол за $1,8 мільёна Ксюшы з дзіцячага дома пакуль немагчыма

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Каментары да артыкула