БЕЛ Ł РУС

У Варшаве арганізатары прытулку для беларускіх уцекачоў знайшлі новы дом, але патрэбна дапамога

24.04.2026 / 16:06

Nashaniva.com

Варшаўскі прытулак для беларусаў-уцекачоў «Зацішша» ў маі плануе перабрацца ў новы, больш прасторны дом. Знайшлі новы будынак актывісткі Ганна Федаронак і Алеся Буневіч з фонду «Прытуляй мяне», які апякуецца прытулкам. Але каб пераезд адбыўся, фонд просіць тэрміновай падтрымкі, патлумачыла «Радыё Свабода» Алеся Буневіч.

Алеся Буневіч у прытулку для былых палітычных зняволеных у Варшаве, люты 2026 года

«Перасяліцца зможам ужо ў пачатку мая: дамовіліся з гаспадаром дома, але ўзнікла тэрміновая фінансавая праблема. Яна ў тым, што трэба да канца месяца разлічыцца з рыэлтарамі: атрымаць іншы будынак ад мэрыі, на што мы разлічвалі, не ўдалося, і ў выніку мы адшукалі новы будынак з дапамогай рыэлтараў.

Юрысты дапамаглі адаптаваць дамову з гаспадаром да асаблівасцяў нашай дзейнасці. Паслугі спецыялістаў каштуюць нямалых грошай. Разлічыцца мусім да канца месяца. Нам трэба сабраць 10 тысяч злотых — гэта прыкладна 2 тысячы еўра. Будзем вельмі ўдзячныя беларусам і ўсім людзям, якія акажуць дапамогу», — расказала Алеся Буневіч.

Новы будынак для былых беларускіх палітвязняў у Варшаве

Паводле Алесі Буневіч, цяпер у прытулку жывуць 12 чалавек, але плынь уцекачоў з Беларусі не спыняецца, таму і спатрэбіўся новы і больш прасторны будынак.

«З групы палітвязняў, якіх вывезлі з Беларусі ў снежні, у нас жылі 12 чалавек. У іх быў статус палітвязняў, ім прызначылі ментараў, ім хутчэй дапамаглі з дакументамі. Але большасць з тых, хто да нас прыязджае, эвакуяваліся з Беларусі з дапамогай BySol, і яны ў іншым становішчы: часта без статусу палітвязня, у складаным псіхалагічным стане, у роспачы.

Напрыклад, едуць людзі, якім пагражае пераслед у «справе Гаюна», але ў іх няма статусу палітвязня. Сярод такіх няма вядомых асоб, але дапамога ім патрэбная не меншая. Для новага дома ёсць частка новай мэблі, купленыя пэўныя гаспадарчыя рэчы. Раней, у лютым, мы абвяшчалі збор грошай на такія патрэбы і пазначалі там радок пра «фінансавы рэзерв». Вось гэтую частку збору цяпер просім выканаць тэрмінова», — расказала Алеся Буневіч.

Паводле Алесі Буневіч, арэнда цяперашняга будынка прытулку «Зацішша» на вуліцы Балотнай заканчваецца 20 мая.

Рэгламент збору сродкаў і рахунак можна знайсці тут.

Чытайце таксама:

«Не проста адпачынак, а лячэнне душы». Наталля Калегава арганізавала адпачынак на Канарах для жанчын-палітвязняў

Былыя палітзняволеныя аб’ядналіся дзеля ўзаемнай падтрымкі ў арганізацыю «Побач»

Святлана Ціханоўская наведала шэлтар для былых палітзняволеных у Варшаве

Дэпартаваным палітвязням, каб абжыцца на новым месцы, зараз трэба простыя рэчы: вопратка, посуд, пасцель — збор

Каментары да артыкула