Журналістка Германовіч выдала кнігу пра страшнае і смешнае
У кракаўскім выдавецтве Gutenberg выйшла кніга журналісткі Алены Германовіч «Страшна і смешна».
Алена Германовіч — беларуская журналістка. Нарадзілася ў вёсцы Раднікі Валожынскага раёна, жыла ў Гомелі, на час выхаду кнігі жыве ў Польшчы. Шмат гадоў жыцця прысвяціла расследаванням, гучным крымінальным і судовым справам, абароне тых, хто не можа сам абараніцца.
Пранікала ў розныя месцы і трапляла ў розныя сітуацыі, пісала аўтарскі праект па падарожжах па маленькіх вёсках — рабіла тое, што любіла і ўмела, і тое, што напаўняла сэрца.
«Калі вы спазналі ўсю жорсткасць і жахі жыцця і здолелі не закрычаць, схапіўшыся за галаву, а кпліва засмяяцца — вы Алена Германовіч. Яна такая.
Чытаючы кнігу, ты нібыта брыдзеш са звычайнымі, нікому апрача аўтаркі не цікавымі людзьмі па пакручастым шляху проста да далягляду, і вы ўсе разам — выпадковыя спадарожнікі жыцця. Падарожнікі ў даліну. Але па дарозе можна ж расказаць адно аднаму і страшнае, і смешнае.
Кніга надзіва чалавечная, як усмешка стомленага — «заўсёды ў гэтым свеце ў кожнага ёсць больш важныя справы, чым ты».
Чытала не адрываючыся», — так піша пра гэтую кнігу пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец), аўтарка бестсэлера «Па што ідзеш, воўча?»
Чытайце таксама:
Генадзь Сагановіч напісаў новую кнігу. Гэтым разам не па старажытнай гісторыі
Выйшаў зборнік народных казак «Ішоў Бай па сцяне»
У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»