БЕЛ Ł РУС

У Варшаве ўлады вырашылі адстраляць дзікоў, якія непамерна распладзіліся ў горадзе. Аднак людзі пратэстуюць

24.04.2026 / 21:58

Nashaniva.com

Колькасць дзікоў у польскіх гарадах, у прыватнасці ў сталіцы, рэгулярна расце, і гэта праблема. Аднак прапановы, як справіцца з гэтай праблемай, кардынальна адрозніваюцца, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Пазіцыя мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага адносна дзікоў, якая выклікала пратэсты, заключалася ў выдачы дазволаў на адстрэл як асноўнага метаду вырашэння праблемы. Тшаскоўскі публічна падкрэсліваў, што горад «павінен умяшацца» і не мае выбару з меркаванняў бяспекі. На практыцы гэта азначала згоду на адстрэл дзікоў у горадзе, часта ў надзвычайных сітуацыях.

Пасля хвалі пратэстаў, якія нядаўна пракаціліся па Варшаве, гарадскія ўлады, аднак, паведамілі пра перагляд сваёй цяперашняй палітыкі ў дачыненні да дзікоў. Рафал Тшаскоўскі вырашыў прызначыць спецыяльную групу экспертаў для вырашэння праблемы прысутнасці гэтых жывёл у гарадской прасторы.

Гэтае рашэнне з'яўляецца адказам на хвалю крытыкі, якая з'явілася пасля гучных інцыдэнтаў у варшаўскіх мікрараёнах Бемова і Макотаў, дзе дзікоў забівалі на вачах у жыхароў, у тым ліку дзяцей. Гэтыя выпадкі абурылі не толькі абаронцаў правоў жывёл, але і простых карыстальнікаў інтэрнэту — асоб, якія звычайна не ўдзельнічаюць у кампаніях па абароне правоў жывёл.

Паводле ацэнак, папуляцыя дзікоў у польскай сталіцы перавышае тры тысячы асобін. І гэта яшчэ не самая вялікая колькасць дзікоў, калі-небудзь зафіксаваная ў Варшаве і ваколіцах. З-за адстрэлаў папуляцыя дзікоў у цэлым скарацілася, але жывёлы сталі больш прыкметнымі, бо пачалі ў пошуках ежы падыходзіць бліжэй да дамоў.

Сітуацыю ўскладняюць правілы, звязаныя з афрыканскай чумой свіней. Варшава знаходзіцца ў зоне, з якой практычна немагчымая перавозка жывёл за межы горада, нават нягледзячы на тое, што ў дзікоў у Варшаве і ваколіцах вірус не выяўляўся ўжо шмат гадоў.

Пратэст супраць адлову дзікоў перад варшаўскай ратушай. Фота: PAP/Paweł Supernak

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый не хочуць, каб дзікі жылі ў горадзе, бо іх натуральным асяроддзем з’яўляецца лес. Аднак людзі на працягу многіх гадоў у выніку сістэмнага ігнаравання праблемы стварылі жывёлам умовы для жыцця тут, гаворыць Дарота Хэмі з ініцыятывы «Дзікі застаюцца».

«І тут, вядома, галоўная праблема — памылковае, недарэчнае грэбаванне пытаннямі кіравання адкідамі. Дзікі прыходзяць у гарады часткова таму, што тут ім лягчэй здабываць ежу. Іх часта кормяць. Я чула пра выпадкі, калі людзі гатуюць ежу для дзікоў. Такім чынам, адразу відавочны недахоп адукацыйных і інфармацыйных кампаній для жыхароў. Калі горад хоча вырашыць праблему дзікоў, ён павінен пачаць з інфармацыйнай кампаніі. Мы бачым такія фіктыўныя ініцыятывы, але яны ніяк не спрыяюць вырашэнню праблемы».

Існуе міф, што ў Варшаве жыве нейкі новы від дзікоў — гарадскія дзікі. Паколькі яны, маўляў, нарадзіліся ў горадзе, то толькі тут і могуць жыць, нават да 20 гадоў, а таму ад іх трэба пазбаўляцца.

Аднак жа на самай справе дзікі вельмі лёгка прыстасоўваюцца да любых умоваў, гаворыць Дарота Хэмі.

Па яе словах, грамадскія арганізацыі не хочуць, каб дзікі жылі ў горадзе. Але неабходна вучыцца з дзікамі суіснаваць. Паколькі лясныя тэрыторыі вакол гарадоў змяншаюцца, то дзікая жывёла будзе прыходзіць у горад. Гэта тычыцца не толькі дзікоў.

«Жывёлы будуць з'яўляцца. І гэта тычыцца не толькі дзікоў, але і лісіц, ды іншых дзікіх жывёл. Сучасны горад павінен прызнаваць гэты факт і адпаведна планаваць сваю прастору, каб мінімізаваць канфлікты паміж чалавекам і дзікай прыродай», — кажа Дарота Хэмі.

У выніку грамадскага ціску варшаўскія ўлады заявілі, што створаць дарадчую камісію, якая зоймецца справай дзікоў комплексна і з улікам экспертных ацэнак. 

Чытайце таксама:

На Гродзеншчыне дарогу перад аўтамабілем перабег вялікі статак дзікоў ВІДЭА

У Германіі за год падстрэлілі каля 3 тысяч радыеактыўных дзікоў

«Бомба запаволенага дзеяння». Чаму ў Калумбіі хочуць забіць «какаінавых бегемотаў» Пабла Эскабара

Каментары да артыкула