Свет1111

«Бомба запаволенага дзеяння». Чаму ў Калумбіі хочуць забіць «какаінавых бегемотаў» Пабла Эскабара

Імя Пабла Эскабара Калумбія спрабуе забыць ужо больш за 30 гадоў. Адзін з самых вядомых злачынцаў усіх часоў быў заснавальнікам сумнавядомага медэльінскага наркакартэля ў 1980‑х гадах і ў свой час лічыўся адным з самых багатых людзей у свеце. Але былы «какаінавы кароль» таксама адказны за экалагічную бомбу запаволенага дзеяння, піша Бі-бі-сі.

Фота: AFP via Getty Images

Група бегемотаў, якіх Эскабар у 1980‑х гадах завёз у свой прыватны заапарк, размножылася і распаўсюдзілася па адной з галоўных водных артэрый краіны — рацэ Магдалена. Паводле ацэнак даследавання 2022 года, цяпер можа быць да 250 такіх «какаінавых бегемотаў», і пасля дзесяцігоддзяў абмеркаванняў урад Калумбіі абвясціў пра планы знішчыць каля 80 з іх.

«Калі мы гэтага не зробім, мы не зможам кантраляваць папуляцыю, — заявіла міністарка навакольнага асяроддзя Ірэнэ Велес. — Мы павінны прыняць гэтыя меры, каб захаваць нашы экасістэмы».

Зрэшты, зоаабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі гэтае рашэнне. Сенатарка Андрэа Падзілья назвала яго «спрошчаным і жорсткім».

«Я ніколі не буду падтрымліваць забойства здаровых істот, — напісала яна ў X, — тым больш калі, як у гэтым выпадку, яны з'яўляюцца ахвярамі безадказнасці, нядбайнасці, абыякавасці і карупцыі дзяржавы».

Hacienda Napoles калісьці была раскошным маёнткам Пабла Эскабара, а цяпер з'яўляецца тэматычным паркам. Фота: Getty Images

Інвазійны від

Калумбійскія навукоўцы даўно сцвярджаюць, што знішчэнне жывёл у дзікай прыродзе з'яўляецца адзіным спосабам змякчыць іх уплыў на навакольнае асяроддзе. Галоўная праблема палягае ў тым, што бегемоты не з'яўляюцца мясцовым відам у гэтай лацінаамерыканскай краіне — ды і наогул нідзе па-за Афрыкай. Гэта азначае, што яны не маюць прыродных ворагаў, такіх як ільвы ці кракадзілы, і могуць практычна бескантрольна размнажацца.

Навукоўцы лічаць, што без знішчэння часткі жывёл папуляцыя бегемотаў можа перавысіць 1 400 асобін ужо за дзесяцігоддзе. Фота: AFP via Getty Images

«Відавочна, што нам шкада гэтых жывёл, але як навукоўцы мы павінны быць сумленнымі», — расказвае Бі-бі-сі калумбійская біёлаг Наталі Кастэльбланка, адна з вядучых экспертаў па «какаінавых бегемотах».

«Бегемоты з'яўляюцца інвазіўным відам у Калумбіі, і калі мы зараз не знішчым частку іх папуляцыі, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю ўжо праз 10 або 20 гадоў. Урад прыняў сумнае, але неабходнае рашэнне. Дзякуй за тое, што прыслухаліся да навукі», — дадае яна.

Кастэльбланка тлумачыць, што «какаінавыя бегемоты» скарысталіся яшчэ адной эвалюцыйнай магчымасцю, акрамя адсутнасці ільвоў і кракадзілаў, якія б стрымлівалі іх колькасць: кліматам.

У Афрыцы ёсць інтэнсіўныя сухія сезоны, якія таксама дапамагаюць кантраляваць памер папуляцыі. У басейне ракі Магдалена сітуацыя зусім іншая — там стабільныя ападкі. Насамрэч умовы ў іх паўднёваамерыканскім доме настолькі ідэальныя, што бегемоты, падобна, нават раней дасягаюць палавой спеласці — прасцей кажучы, пачынаюць нараджаць патомства ў больш маладым узросце.

Як бегемоты наогул там апынуліся

З'яўленне так званых «какаінавых бегемотаў» непасрэдна звязана з забойствам Пабла Эскабара калумбійскімі сіламі бяспекі ў 1993 годзе. Пасля яго смерці Hacienda Napoles — раскошны маёнтак прыкладна за 250 км на паўночны захад ад сталіцы Багаты — канфіскавалі ўлады. Прыватны заапарк Эскабара дэмантавалі, хоць неўзабаве ён стаў часткай папулярнага тэматычнага парку.

Большасць калумбійцаў выступаюць супраць забойства «какаінавых бегемотаў» — як, напрыклад, Ванесы, знятай на фота ў 2009 годзе. Фота: AFP via Getty Images

Жывёл з Hacienda Napoles спачатку размеркавалі паміж заапаркамі па ўсёй краіне. Але не бегемотаў.

«Лагістычна было складана іх перавозіць, таму ўлады проста пакінулі іх там, верагодна, думаючы, што жывёлы памруць», — кажа Кастэльбланка.

Замест гэтага яны квітнелі.

«Гэта самы вялікі статак бегемотаў па-за межамі Афрыкі, іх прыроднага арэала», — тлумачыць Бі-бі-сі ветэрынар і прыродаахоўнік Карлас Вальдэррама.

І, па прагнозах, іх колькасць будзе толькі расці. Кастэльбланка і яго калегі кажуць, што без знішчэння жывёл папуляцыя сысуноў можа перавысіць 1 400 асобін ужо да 2034 года — усе яны з'яўляюцца нашчадкамі пачатковай групы з аднаго самца і трох самак. У даследаванні 2021 года яны апісалі ідэальны сцэнар, пры якім штогод трэба знішчаць або кастрыраваць 30 жывёл, каб гэтага не здарылася.

Чаму гэтыя бегемоты — такая праблема

Даследчыкі, якія вывучаюць экалагічнае ўздзеянне бегемотаў, лічаць, што іх прысутнасць можа шкодзіць мясцовай экасістэме рознымі спосабамі: ад выцяснення мясцовых відаў, якія ўжо знаходзяцца пад пагрозай знікнення, як, напрыклад, ламанціны, да змены хімічнага складу водных шляхоў, што можа паставіць пад пагрозу рыбалоўства.

Навукоўцы і ўлады заяўляюць, што бегемоты таксама ўяўляюць пагрозу для мясцовых супольнасцяў. Фота: AFP via Getty Images

«Бегемоты распаўсюджваюцца па найбуйнейшым рачным басейне Калумбіі, за кошт якога жывуць многія тысячы людзей», — кажа Кастэльбланка.

«Бегемотаў бачылі на адлегласці да 370 км ад Hacienda Napoles», — дадае яна.

Яны таксама складаюць рызыку для людзей: хоць у Калумбіі дагэтуль не было смяротных нападаў, бегемоты — тэрытарыяльныя жывёлы і, паводле ацэнак, у Афрыцы яны штогод забіваюць каля 500 чалавек — больш, чым ільвы, кракадзілы ці сланы.

«Гэта як быць у фільме «Парк Юрскага перыяду»

Варта адзначыць, што ёсць эксперты, якія выступаюць супраць ідэі знішчэння жывёл. Энрыке Ардоньес, біёлаг з Нацыянальнага ўніверсітэта Калумбіі, сцвярджае, што «какаінавыя бегемоты» даюць надзею на захаванне сусветнай папуляцыі бегемотаў — міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці Міжнародны саюз аховы прыроды (IUCN), лічаць іх уразлівым відам.

Паводле слоў экспертаў, кастрацыя бегемотаў з'яўляецца небяспечнай і лагістычна складанай аперацыяй. Фота: Courtesy of Carlos Valderrama

Ён з'яўляецца адным з экспертаў, якія абараняюць стэрылізацыю як найлепшы спосаб кантролю папуляцыі. Але такія працэдуры далёка не простыя — і не танныя, — і Карлас Вальдэррама мае з гэтым вопыт. У 2009 годзе ён правёў кастрацыю самца «какаінавага бегемота» ў межах эксперыменту па вывучэнні магчымых спосабаў кантролю росту папуляцыі.

«Мы гаворым пра жывёліну, якая можа важыць пяць тон і быць вельмі агрэсіўнай», — кажа Вальдэррама.

«Нават нягледзячы на тое, што жывёліне ўвялі заспакаяльныя, яна ледзь не перакінула кран, які мы выкарыстоўвалі для правядзення працэдуры. Гэта было як знаходзіцца побач з дыназаўрам у фільме «Парк Юрскага перыяду», — дадае ён.

Ветэрынар кажа, што галоўным урокам эксперыменту стала тое, што сама па сабе кастрацыя проста не з'яўляецца варыянтам — асабліва ўлічваючы рахунак у $50 000.

«Многія з гэтых бегемотаў жывуць у дзікай прыродзе. Проста немагчыма лёгка дабрацца да ўсіх», — тлумачыць ён.

«Тым часам яны будуць працягваць размнажацца. А бегемоты — палігамныя, гэта значыць, адзін самец можа апладніць шмат самак», — дадае Вальдэррама.

Пагрозы смерцю

Раней калумбійскія ўлады аддавалі перавагу іншаму падыходу — адлову бегемотаў і перадачы іх у заапаркі ва ўсім свеце, — але спробы перасялення пацярпелі няўдачу, у прыватнасці праз кошт транспартавання. А адпраўка іх у Афрыку, на радзіму продкаў, ніколі не разглядалася як варыянт.

Існуе велізарная грамадская цікавасць да бегемотаў, якія спарадзілі ў Калумбіі цэлую індустрыю. Фота: AFP via Getty Images

Народжаныя і выгадаваныя ў Калумбіі — усе нашчадкі аднаго самца і трох самак Эскабара — «какаінавыя бегемоты» маглі б не толькі занесці хваробы ў мясцовыя папуляцыі жывёл, але і ствараць генетычныя рызыкі.

Дык што ж замінала ўладам выкарыстаць больш радыкальныя дзеянні? Кароткі адказ — грамадская думка. Людзі вельмі эмацыйна ставяцца да «какаінавых бегемотаў», што пацвярджае вопыт Наталі Кастэльбланка.

Пасля таго як калумбійскія СМІ паведамілі пра яе даследаванне, біёлаг пачала атрымліваць абразы і пагрозы смерцю ў сацыяльных сетках.

«Мяне называлі «забойцай» і іншымі словамі. У Калумбіі некаторыя людзі могуць вельмі злаваць, калі гаворка заходзіць пра бегемотаў», — кажа яна.

«Гэта натуральная чалавечая рэакцыя. Людзям значна лягчэй зразумець праблему інвазіўных відаў, калі гаворка ідзе пра расліны або больш дробных істот, а не пра велізарнага сысуна, якога многія лічаць мілым», — дадае Кастэльбланка.

Вакол бегемотаў таксама сфармавалася цэлая лакальная індустрыя ў супольнасцях басейна ракі Магдалена. Перабудаваны заапарк у Hacienda Napoles утрымлівае некалькіх паўторна адлоўленых бегемотаў і штогод прыцягвае тысячы турыстаў — што паказальна, пры жыцці Эскабара ён дазваляў публічныя наведванні як піяр-акцыю, і Наталі Кастэльбланка згадвае, як у дзяцінстве ездзіла туды з сям'ёй.

У 2009 годзе, калі калумбійскія салдаты застрэлілі бегемота па імені Пепэ, якога лічылі пагрозай для супольнасцяў паблізу маёнтка, масавае грамадскае абурэнне — падмацаванае выкрыццём таго, што стралкі зрабілі сэлфі з целам, — прывяло да юрыдычнай абароны бегемотаў. Але цяпер сітуацыя стала «дастаткова сур'ёзнай», каб абумовіць змену пазіцыі, расказвае Бі-бі-сі біёлаг Давід Эчэверы з калумбійскага прыродаахоўнага агенцтва Cornare.

«Знішчэнне жывёл — не адзінае рашэнне праблемы росту папуляцыі, але яно неабходнае», — кажа ён.

Спадчына Эскабара

Тупік — гэта тое, чаго Кастэльбланка і яе калегі баяцца амаль гэтак жа, як і распаўсюджвання сысуноў. У сваім даследаванні яны прыводзяць афіцыйную ўрадавую статыстыку, згодна з якой з 2011 па 2019 год стэрылізацыю прайшлі толькі чатыры жывёліны.

«Пакуль што бегемоты ў Калумбіі жывуць у раі, — лічыць Кастэльбланка. — Але яны — экалагічная бомба запаволенага дзеяння».

Больш чым праз 30 гадоў пасля смерці Пабла Эскабара «какаінавыя бегемоты» таксама з'яўляюцца сведчаннем працяглай прысутнасці наркабарона ў Калумбіі.

Фота: Gamma-Rapho via Getty Images

Каментары11

  • живодёрня
    16.04.2026
    Как в любой, коррумпированной системе (стране) и нищей стране, принимается самое простое решение.
    Да, отловить и перевезти в их естественный ареал обитания - дорого, для коррумпированной и бедной страны, проще провести отстрел.
    Как появились, так и пропали.
    Такой подход на всех живодёрнях поражённых коррупцией и находящихся в петле нищеты. Касается не только бегемотов, но и населения живущих в этих живодёрнях, странами назвать язык не поворачивается.
  • Бывший политический заключённый
    16.04.2026
    Провести отлов и отправить в Африку - "дорого" и "такой вариант никогда не рассматривался".
    Потому что "дешевле убить".
    Натуральное варварство!

    Даже если отправка одного бегемота в Африку стоит 10 млн. долларов, это обязанность правительства страны сделать всё в лучшем виде.
    Привлеките природоохранные фонды для помощи в финансировании - Колумбии весь мир будет аплодировать стоя.
    Но убивать... за что?
  • Лол
    16.04.2026
    живодёрня, напісаў рускамірны блазан, якому ў яго краіне нават не дазваляюць уладу абіраць.

Цяпер чытаюць

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе10

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння ўкраінскія дальнабойныя беспілотнікі прабілі расійскую абарону адразу на некалькіх кірунках1

Палявод калгаса «Чырвоны баец» з магілёўскага Кіраўска перасеў з сеялкі на танк, а потым — на баявы мапед. І паехаў штурмаваць Запарожжа25

Увялі штрафы для тых, хто выкідвае хатніх жывёл3

Дыверсія ў акупаваным Луганску: падпольшчыкі парушылі ваенную лагістыку

Закон аб штрафах за прапаганду гомасэксуальных адносін і чайлдфры ўступіць у сілу ў чэрвені1

У Расіі ў калоніі памёр палітвязень Веган Хрысталюб Божы, асуджаны за крытыку ісламу і антываенны ролік

Першыя беларускія клубніцы, салодкія іранскія кавуны, «фларыда б'юці» і нават першыя нарцысы. Што можна купіць на Камароўцы перад вялікімі выхаднымі

У лесе ў Лепельскім раёне знайшлі труп невядомай жанчыны1

Чаму ніжні гузік пінжака не зашпільваюць?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе10

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць