Макрон: Еўропе час прачнуцца
«Гэта ўнікальны момант, калі прэзідэнт ЗША, прэзідэнт Расіі і прэзідэнт Кітая выступаюць супраць еўрапейцаў», — сказаў прэзідэнт Францыі.
Фота: Byron Smith / Getty Images
Еўрапейцы павінны актывізавацца і абараняць уласныя інтарэсы, бо ЗША, Кітай і Расія цяпер «рашуча супраць» іх, папярэдзіў у пятніцу прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.
«Не варта недаацэньваць, што гэта ўнікальны момант, калі прэзідэнт ЗША, прэзідэнт Расіі і прэзідэнт Кітая выступаюць супраць еўрапейцаў. Таму гэта правільны час для нас прачнуцца», — заявіў Макрон падчас дыскусіі з прэм’ер-міністрам Грэцыі Кірыякасам Міцатакісам, арганізаванай газетай Kathimerini у Афінах, піша Politico.
«Мы павінны быць крыху больш упэўненымі ў сабе і прапаноўваць уласны парадак дня», — дадаў ён.
Французскі прэзідэнт таксама заявіў, што чакае, што напружанасць з ЗША будзе працягвацца і пасля прэзідэнцтва Дональда Трампа.
«Гэта гістарычная тэндэнцыя. Мы можам супрацоўнічаць з ЗША па некаторых пытаннях, і гэта ўсё яшчэ мае сэнс з-за агульных каштоўнасцяў і гістарычных сувязяў, але я сапраўды лічу, што такі падыход ЗША захаваецца», — адзначыў ён.
Ён падкрэсліў, што галоўная розніца паміж першым і другім тэрмінамі Трампа ў тым, што многія еўрапейскія краіны лічылі першы тэрмін выключэннем, якое скончыцца і не патрабуе фундаментальных змен.
«Цяпер многія калегі больш ясна бачаць сітуацыю, бо пасля столькіх гадоў мы кажам: добра, нам трэба рэагаваць. Мы павінны дзейнічаць як еўрапейцы, быць больш згуртаванымі, абараняць уласныя інтарэсы. І для мяне гэта правільны кірунак».