БЕЛ Ł РУС

«Не саромейцеся паказваць актыўных партыйцаў». Галоўны ідэолаг Лукашэнкі заклікаў моладзь «Белай Русі» быць смялейшымі ў сацсетках

25.04.2026 / 19:51

Nashaniva.com

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў на IV пазачарговым з'ездзе партыі «Белая Русь» у Мінску заклікаў партыйную моладзь больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскіх дыскусіях у сацсетках, паведамляе БелТА.

Уладзімір Пярцоў. Фота: «БелТА»

«Мы разумеем, што асноўнае супрацьдзеянне рэалізуецца ў інфармацыйным асяроддзі. І я б хацеў рэкамендаваць усім вам больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскай дыскусіі, уступаць у палеміку ў каментарыях да пастоў, дзе нашы нядобразычліўцы разганяюць сацыяльную, камунальную ці іншую праблему. У гэтым і ёсць ваш патрыятычны талент, грамадзянская, журналісцкая пазіцыя. Не саромейцеся ў СМІ, у сацсетках больш паказваць сваіх рэгіянальных лідараў, актыўных партыйцаў — яны ў вас ёсць», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

На яго думку, людзі, якія не з’яўляюцца членамі праўладных грамадскіх арганізацый і партый, сустрэўшыся ў сацсетках з актывістамі «Белай Русі» і паслухаўшы іх аргументацыю, могуць і самі прыбіцца да гэтага берага.

«Залучайце тых, хто не быў задзейнічаны ў палітычнай працы, а не проста членаў іншых грамадскіх аб'яднанняў, партый, прафсаюзаў. Хацелася б бачыць розныя твары, а не толькі наш палітычны, сацыяльны актыў — часам адных і тых жа людзей са зменай значкоў», — з пэўнай доляй крытычнасці адносна сучаснай рэчаіснасці даў Пярцоў устаноўку на будучыню.

Чытайце таксама:

Галоўны ідэолаг расказаў, ці будуць у Беларусі забараняць дзецям і падлеткам карыстацца сацсеткамі

Галоўны ідэолаг расказаў, як прапагандыстам давядзецца працаваць пасля сустрэчы з Лукашэнкам

Пярцоў паскардзіўся, што пасля некаторых прапагандысцкіх лекцый людзі перастаюць падтрымліваць уладу

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»

Каментары да артыкула