У Мінску п'яны мужчына абрабаваў такую ж жанчыну. Цяпер будзе плаціць штраф
У Мінску вынеслі прысуд 44‑гадоваму мужчыны, якога абвінавачвалі ў рабаванні нецвярозай жанчыны. Пры гэтым сам рабаўнік знаходзіўся ў тым жа стане, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Як высветлілася, у той дзень мужчына быў моцна п’яны — ён выпіў каля 0,7 літра гарэлкі, але гэтым не задаволіўся і ноччу пайшоў на запраўку па піва. Па дарозе назад каля прыпынку «Шчарбакова» ён заўважыў жаночую сумачку каля сметніцы і забраў яе сабе.
Але калі ён адышоў у кусты і пачаў глядзець змесціва сумачкі, то пабачыў побач жанчыну, якая ляжала на зямлі і не магла ўстаць — яна таксама была моцна п’яная. Мужчына зразумеў, што ў яго руках яе рэчы. Але спачатку ён нават дапамог жанчыне падняцца, пасля ж запатрабаваў зняць і аддаць яму залатыя завушніцы. Жанчына без супраціву аддала ўпрыгожанні.
Пасля гэтага мужчына забраў сумачку і пайшоў далей па сваіх справах. У сумачцы былі дакументы, тэлефон, кашалёк з карткамі і грашыма (129 даляраў і 5 рублёў), касметыка і іншыя рэчы. Жанчына ішла за рабаўніком і прасіла вярнуць маёмасць, але ён на яе просьбы не звяртаў увагі.
Пазней ён патраціў грошы на свае патрэбы, завушніцы аддаў маці, а тэлефон перадаў жонцы, сказаўшы, што знайшоў яго. Жонка потым вярнула тэлефон уладальніцы.
Пацярпелая жанчына пасля інцыдэнту звярнулася ў міліцыю. Пасля таго, як падазраванага затрымалі, ён цалкам прызнаў віну, раскаяўся і кампенсаваў шкоду. Мужчына працаваў на аўтамыйцы і раней ужо меў праблемы з законам.
Суд прызнаў яго вінаватым у рабаванні. У выніку яму прызначылі штраф у памеры 100 базавых велічынь (4500 рублёў), а таксама абавязалі прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Чытайце таксама:
Колькі каштуе знішчыць помнік архітэктуры ў Беларусі? Капейкі!
Мінчук атрымаў 12 судзімасцяў — а яму ўсяго 34 гады
Пад Магілёвам п'яны мужчына напаў у краме з нажом на падлеткаў
Ушчэнт п’яны жыхар Шуміліна выхапіў у міліцыянера пісталет і спрабаваў стрэліць яму ў галаву