Блізкія 74‑гадовага святара, які загінуў на трасе пад Фаніпалем, кажуць, што ён не перабягаў дарогу, а ратаваў параненага сабаку
21 красавіка на шашы Р-1 Мінск — Дзяржынск загінуў 74‑гадовы святар Уладзімір Бадзюлькін. Паводле версіі сілавікоў, святар вырашыў перабегчы трасу за некалькі метраў ад падземнага перахода. Родныя мужчыны падзяліліся ў сацсетках сваёй версіяй гісторыі.
Уладзімір Бадзюлькін. Фота: molod-eparchy.by
Дачка Уладзіміра напісала, што мужчына не перабягаў дарогу. Паводле слоў жанчыны, ён проста хацеў здзейсніць добры ўчынак:
«Мой бацька прыпаркаваўся ў дазволеным месцы, уключыў пры гэтым аварыйную сігналізацыю на машыне. Спусціўся ў падземны пераход і выйшаў на супрацьлеглым баку, каб выратаваць параненага сабаку, што пацвярджае запіс з відэарэгістратара».
Жанчына дадала, што цяпер ідзе следства па гэтай гісторыі. Яна спасылаецца на следчага, які казаў ёй пра знойдзенага сабаку і пытаўся, ці быў сабака ў яе бацькі.
У каментары прыйшлі відавочцы, якія таксама бачылі, што на месцы здарэння быў сабака. Праўда, расповеды пра тое, у якім стане была жывёла, не супадаюць: нехта бачыў сабаку, якога збіла машына, а нехта расказвае, што сабака быў жывы і святар проста хацеў яго прыбраць з дарогі.
Трагедыя адбылася ўвечары 21 красавіка на 23‑м кіламетры трасы Р-1 Мінск — Дзяржынск. Уладзіміра збіла 25‑гадовая дзяўчына, якая на «Фальксвагене» ехала ў бок Мінска. У месцы, дзе загінуў мужчына, дарога за кошт паласы разгону робіцца васьміпалоснай — то-бок калі б святар насамрэч перабягаў там дарогу, гэта было б дужа небяспечна.
Развіталіся з Уладзімірам 23 красавіка ў фаніпальскай царкве Ушэсця Гасподняга, дзе мужчына 25 гадоў служыў настаяцелем. Дзяржынскі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч.2 арт. 317 КК — парушэнне ПДР, якое выклікала па неасцярожнасці смерць чалавека.
Чытайце таксама:
75‑гадовы святар перабягаў васьміпалосную трасу пад Мінскам — і загінуў пад коламі «Фальксвагена»
«Вышэйшае кіраўніцтва Беларусі ў гісторыі з Чарнобылем выявіла вышэйшы пілатаж халуйства»