Што чуваць у Анатоля Фёдарава, якога разбіў інсульт на стрыме ў Пятрухіна?
Сябры збіраюць грошы на дапамогу даўняму актывісту БНФ.
Анатоль Фёдараў. Фота: «Радыё Рацыя»
Інсульт у Фёдарава здарыўся 23 студзеня 2026 года, калі мужчына ўдзельнічаў у стрыме блогера Сяргея Пятрухіна. Пасля трансляцыі Анатоля забрала хуткая дапамога.
Як расказаў «Наша Ніве» Анатоль, у яго ўжо атрымалася часткова аднавіцца:
«У цэлым цяпер адчуваю сябе нармальна, але бывае часам слабасць. Сам ужо хаджу, абслугоўваю сябе, але пакуль што абмежавана. Кагнітыўныя здольнасці амаль не парушаныя, артыкулярныя функцыі маюць дэфармацыі, але іх можна карэктаваць».
І тым не менш, наперадзе яшчэ доўгі шлях. У Фёдарава дрэнна працуе правая рука, таму яму патрэбныя заняткі з рэабілітолагам. Таксама трэба праца з лагапедам, каб палепшыць маўленне, пашкоджанае праз хваробу. І набыць кіёк ды інвалідны вазок.
Фёдараў мае польскую дзяржаўную страхоўку, але, паводле яго слоў, па той страхоўцы не атрымаць дастаткова рэабілітацыі. З 16 лютага па 20 сакавіка ён знаходзіўся ў спецыялізаваным рэабілітацыйным цэнтры ў Варшаве. У астатні час мужчына знаходзіцца ў адной з варшаўскіх клінік, не прыстасаванай для рэабілітацыі.
Анатоль Фёдараў — даўні актывіст БНФ, ён удзельнічаў у дысідэнцкім руху яшчэ ў савецкі час. Фёдараў быў намеснікам старшыні БНФ, узначальваў магілёўскую суполку. У 2020‑м Анатоль удзельнічаў у пратэстах, трапляў на суткі. Пасля пераезду ў эміграцыю стварыў «Нацыянальна-дэмакратычную платформу», падтрымлівае Дзмітрыя Балкунца ў ініцыятывах накшталт «Ультыматуму да Лукашэнкі», крытыкуе Офіс Ціханоўскай.
Калі вы хочаце дапамагчы Анатолю Фёдараву, напішыце ў тэлеграм актывісту Мікалаю Мінкову, які займаецца яго справамі: @gramadzianin. Можна і пералічыць грошы на рахункі Анатоля (ANATOL FEDARAU) у Santander Bank:
48 1090 1883 0000 0001 5261 1260 (PLN)
21 1090 1883 0000 0001 5261 1261 (EUR)
Чытайце таксама:
Былога намесніка старшыні БНФ Анатоля Фёдарава разбіў інсульт проста падчас стрыму Пятрухіна