Галадоўкі, перакуленыя міліцэйскія машыны, кроў, Ельцын вызваляе палітвязняў — згадваем падзеі Чарнобыльскага шляху-1996
Серыю вулічных пратэстаў 1996 года прынята называць «гарачай вясной», бо самыя масавыя акцыі выпалі якраз на гэты час — Дзень Волі, супрацьстаянне падпісанню дамовы аб стварэнні саюза Беларусі і Расіі, Чарнобыльскі шлях.
Раней мы ўжо згадвалі, як усё пачыналася. Першыя фальсіфікацыі, першыя палітвязні, першая кроў на вуліцах незалежнай рэспублікі, першыя палітыкі-эмігранты — беларусы адстойвалі сваё права людзьмі звацца 30 год таму, і адной з самай масавых акцый тады стаў Чарнобыльскі шлях. З яго ж пачалася гісторыя праваабарончага цэнтра «Вясна».
Разам са сведкамі тых падзей згадваем, якім быў Чарнобыльскі шлях — 1996, які сабраў на цэнтральных вуліцах Мінска каля 50 тысяч чалавек.

«Яны аднолькавыя — Лукашэнка і Пазняк»
Пасля пратэстаў на Дзень Волі ў 1996-м каля 30 чалавек былі затрыманыя, а на ўсё кіраўніцтва БНФ завялі крымінальную справу. Многія вымушана сышлі ў падполле, а Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык выехалі за мяжу пасля намёкаў пра жаданне іх «ліквідаваць».
На апошняе досыць крытычна рэагавала як дзяржаўная прапаганда, так і некаторыя аднадумцы. Адны рапартавалі, што палітыкам нічога не пагражае, яны ўсё выдумалі, іншыя высмейвалі іх уцёкі.
«Яны аднолькавыя — Лукашэнка і Пазняк. Адзін упарта рэанімуе СССР, другі — Вялікае Княства Літоўскае. На мітынгу 2 красавіка правадыра не было — ён паехаў расказваць пра сітуацыю ў Беларусі Еўропе. Што зробіш: выдаткі прафесіі — рабіць рэвалюцыі, седзячы ў сытай дэмакратычнай Еўропе», — напісаў у «Беларускай дзелавой газеце» Аляксандр Фядута.

Аперацыя: вяртанне на радзіму
Набліжалася 26 красавіка, і Пазняк з Навумчыкам самі паступова прыходзілі да думкі патрэбы вяртання ў Беларусь. Тым больш выглядала, што агрэсіўнасць рэжыму ў дачыненні да апазіцыі нібыта знізілася, а задачы за мяжой выкананыя — палітыкі правялі шэраг сустрэч з еўрапейскімі лідарамі і журналістамі, расказваючы пра сітуацыю ў Беларусі.
Планавалася, што яны вернуцца на радзіму дуэтам, але тут Пазняк праявіў аўтарытарызм і загадаў Навумчыку заставацца за мяжой для падстрахоўкі. Гэта, канечне, пасеяла крыўду паміж калегамі, але загад у выніку парушаны не быў.

З успамінаў Зянона Пазняка:
«З Берасця ў Мінск мы выехалі з Галінай Навумчык вечарам 25 га [красавіка]. У дарозе і на вакзале ў Мінску мяне не змаглі ўзяць, удалося нават адарвацца ад «хвастоў» у горадзе, і ніхто не ведаў, куды я канкрэтна паехаў, дзе спыніўся».
Для апанента Лукашэнкі ўсё складвалася найлепшым чынам (і гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў Брэсце палітыка пазналі на пероне, і адразу кінуліся працягваць нататнікі і квіткі для аўтографаў, чым прыцягнулі ўвагу міліцыі).
«Хопіць ліберальнічаць»
Тое самае не скажаш пра сам Чарнобыльскі шлях і яго ўдзельнікаў. Ніхто тады не разумеў, да чаго была тая неапісальная жорсткасць, з якой разганялі акцыю. Ужо потым стане ясна — каб запужаць, каб любыя пратэсты далей сышлі на «не», і так яно ж і будзе да пэўнага часу.
Міліцыя заблакавала праспект Скарыны машынамі, такім чынам, як лічаць многія сведкі, адмыслова справакаваўшы канфлікт. Людзі пачалі перакульваць аўто, і гэта, у сваю чаргу, развязала сілавікам рукі — дубінкі, слезацечны газ, сотні былі пабітыя ў кроў. Хапалі не толькі на праспекце, але і ў скверах з дварамі, у метро і на прыпынках — часам пад руку траплялі простыя мінакі.




Нягледзячы на колькасць пацярпелых і затрыманых 26 красавіка, на нарадзе па факце акцыі Лукашэнка раскрытыкуе сілавікоў, назваўшы іх рэакцыю «ліберальнічаннем». Тым больш, міліцыя не здолее закрыць галоўную задачу: схапіць Пазняка.
На Зянона Пазняка палявалі з моманту яго вяртання ў Мінск. Пры гэтым, дзякуючы ахове ў дзясятак малайцоў (ды і колькасці ўдзельнікаў шэсця) яго не рашыліся выхапіць наўпрост з натоўпу. Палітык нават паспеў выступіць з прамовай каля Палаца спорту.
З успамінаў Зянона Пазняка:
«Ужо ў час выступу ля Палаца спорту стала вядома, што КДБ прыняло рашэнне ўзяць мяне адразу пасля мітынгу. Я паехаў мікрааўтобусам у сядзібу Фронту. Са мной былі Юры Хадыка і сем чалавек аховы. Ззаду прыстроіліся аўтобусы з АМАПам. Каля скрыжавання АМАП памкнуўся ісці на абгон, каб заблакаваць наш «РАФік». Але пад колы іхняга аўтобуса нечакана выбег сабачка, і кіроўца інстынктыўна затармазіў. Мы праехалі на жоўтае святло, а пераследчыкі спыніліся перад чырвоным. У сядзібе было вырашана шмат спраў. Увесь час, пакуль мы праводзілі свае нарады, размовы ды перамовы, на вуліцы пад вокнамі стаялі два аўтобусы з АМАПам. Дзесьці паміж 22‑й і 23‑й гадзінамі пачаўся штурм».
Актывісты змаглі пакінуць будынак праз дзірку ў плоце. Зянона Пазняка здолелі патаемна вывезці на сакрэтную кватэру, дзе ён змог знаходзіцца да 8 мая. Яго паплечнікам пашанцавала менш. Асабліва адыграліся на Юрыі Хадыку і Вячаславе Сіўчыку. Першага забралі раніцай 27-га, другога — яшчэ ў пратэсны дзень.

Галадоўка, рэанімацыя, Ельцын
Вячаслаў Сіўчык акурат арганізоўваў эвакуацыю Пазняка ад Палаца спорту, і калі з гэтым працэсам скончыў, накіраваўся да машыны аднаго з актывістаў. Палітык згадвае, што паспеў пабачыць рух у свой бок, але не разлічыў, што яго тут жа будуць затрымліваць.
«Бралі мяне людзі ў цывільным — жорстка, з жаданнем пакалечыць адразу», — апісвае Вячаслаў. Пры гэтым у сваім збітым стане ў РУУС ён змог абхітрыць дзяжурнага, скарыстаўшыся салідным знешнім выглядам — напярэдадні мужчына акурат купіў новыя касцюм і плашч. Сіўчык датэлефанаваўся да калег па БНФ, і яму выслалі адвакатку.
«Яна змагла прайсці ўнутр РУУС, таму што там быў такі вялікі бардак, бо і людзей прывозілі, і міліцыянты ўсе мабілізаваныя былі. Але быў адразу загад «не пушчаць», і два афіцэры проста вынеслі яе на вуліцу. Хаця гэта ніякімі законамі, натуральна, не прадугледжана, — расказвае суразмоўца. — Мяне закінулі на Акрэсціна. 1 мая асудзілі. Каб перавесці на крымінальную справу, даставілі ў пракуратуру, пасля — ІЧУ на трое сутак, пасля — СІЗА».
Амаль адразу пасля свайго затрымання і Юрый Хадыка, і Вячаслаў Сіўчык аб’явілі галадоўку. Праз 21 дзён галадання без падрыхтоўкі апошні трапіў у рэанімацыю: у мужчыны адмовілі ныркі. Праз некалькі дзён у тым жа шпіталі апынуўся і Хадыка. Палітыкаў прызналі першымі палітвязнямі незалежнай Беларусі.
Журналіст Сяргей Навумчык заўважае: «Калі Юрась Віктаравіч меў ужо пэўны досвед і быў падрыхтаваны да галадоўкі, дык Слава проста апынуўся на мяжы жыцця і смерці. Сапраўды па-геройску сябе паводзіў, ён для мяне — герой таго часу разам з кожным з тых дзясяткаў тысяч беларусаў, якія выйшлі бараніць Незалежнасць сваёй радзімы».

«Я быў абсалютна абураны ўсім, што адбывалася, і больш нават не тым, як абыходзіліся са мной, а як з іншымі, — кажа Вячаслаў Сіўчык. — У камеры ў нас у аднаго з сакратароў управы былі паламаныя рэбры. І гэта было вельмі бачна, а звычайна ж б’юць так, каб пабояў было не відаць.
І я цудоўна разумеў адказнасць сваю — калі мяне зламаюць, то рэпрэсіі будуць татальныя. Для мяне тады самым галоўным было спыніць гвалт, які пачалі рабіць з беларускім народам. І мы тады выйгралі. Людзі нашывалі нашы з Хадыкам прозвішчы на вопратку, была маса акцый у Беларусі ў нашу падтрымку. Нас падтрымала і сусветная эліта. Гэта быў іншы час: тады дыпламатыя грала вялікую ролю, і мы былі вызваленыя насуперак волі Лукашэнкі. Лукашэнка гэтага не хацеў».
Лічыцца, што Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка, якіх абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў як заяўляльнікаў акцыі, вызвалілі пасля званка Лукашэнку ад Ельцына, які і загадаў гэтую справу закрыць. Але тут грала ролю ўсё разам: і сам час, і страхі дыктатара, і міжнародная ўвага. Па выніку над актывістамі нават не адбыўся суд.
Нараджэнне салідарнасці і «Вясны»
Усяго падчас «Чарнобыльскага шляху» ў Мінску затрымалі каля 200 чалавек. Як ім самім, так і сваякам, большасць з якіх упершыню ў жыцці сутыкнулася з арыштам блізкага чалавека, спатрэбілася дапамога.
У гэтай новай сітуацыі арганізавалася група людзей, якая занялася зборам і распаўсюдам інфармацыі, а таксама матэрыяльнай дапамогай: пошукам грошай і прадуктаў харчавання для тых, каго кінулі за краты. Гэтая група працавала амаль месяц, абсалютна на добраахвотных пачатках. Сярод яе ўдзельнікаў быў і Алесь Бяляцкі — менавіта з падзей 1996 года вырас узначалены ім праваабарончы цэнтр «Вясна», які і праз 30 год, на жаль, не можа паскардзіцца на недахоп працы.
«Больш за два гады я быў валанцёрам-праваабаронцам, бо да восені 1998‑га працаваў дырэктарам музея Максіма Багдановіча. Да нашай працы па дапамозе затрыманым далучыліся супрацоўнікі музея, мае сябры… Яны дапамагалі раскладаць харчы для сем’яў зняволеных наўпрост у пластыкавыя пакункі з выяваю музея», — расказвае Алесь Бяляцкі, які сам у будучыні зробіцца палітвязнем, і дапамагаць ужо будуць яму і яго сям’і.
Ён падкрэслівае, што беларусы ўжо тады праяўлялі неверагодную салідарнасць:
«Я сам хадзіў на мітынгу сярод людзей з вялікім поліэтыленавым пакункам і збіраў «зайчыкі» на дапамогу, і выходзіла па цэлым пакунку».
Нягледзячы на тое, што Чарнобыльскі шлях немагчымы і ў сённяшняй Беларусі, а ў «Вясны» не змяншаецца праца, пратэсты вясной-1996 палітолагі называюць адным з самых вялікіх поспехаў беларускай нацыі.
«Пратэсты-1996 рэальна паламалі імперскія планы Расіі, — акрэслівае Вячаслаў Сіўчык. — Яны ўсе на той момант думалі, што нас разграмілі. І ў прынцыпе гэтыя думкі ўвесь час спрабуюць нам навязаць. Гэта абсалютная хлусня. Беларусы і сёння не здаліся, як яны не здаліся 30 гадоў таму».
«Спачатку мы былі акупаваныя Расійскай імперыяй, потым —камуністычным СССР. Гэта вялізны тэрмін, некалькі пакаленняў. Падобнае не можа не паўплываць на менталітэт. «Русский мир» не можа выветрыцца са свядомасці аднамомантава нават пры высілках дзяржавы гэта зрабіць — а сёння дзяржапарат, наадварот, насаджае яго. Наш шлях яшчэ будзе вельмі доўгі і вельмі няпросты. Сам я для сябе вызначыў, што да вольнай Беларусі, найхутчэй, не дажыву. Але ў тым, што Беларусь урэшце будзе па-сапраўднаму незалежнай і дэмакратычнай — не сумняюся ні секунды», — каментуе Сяргей Навумчык.
«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было
30 год таму дэпутаты апазіцыі галадоўкай спрабавалі спыніць аўтарытарызм Лукашэнкі
«Жонка была вышэйшая на дзве галавы. На вуліцу стараліся ісці паасобку». Невядомыя факты пра Змітрака Бядулю
«Глабальна няма розніцы паміж мной, Пазняком і Ціханоўскай». Чым сёння жыве дысідэнт Вячаслаў Сіўчык — вялікая гутарка
Каментары
Нават ніводнага акту прыватнай вендэты па выніках 2020.