БЕЛ Ł РУС

У віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Лізаветы Пракопчык сабралася $12 тысяч даўгоў

27.04.2026 / 18:29

Nashaniva.com

«Я не прашу пра дабрачыннасць (хоць і яе ўжо адмаўляць не магу). Хутчэй шукаю нейкага магната, які можа рэструктурызаваць мае пазыкі і прапанаваць мяккія крэдытныя ўмовы», — кажа малады палітык.

Частка доўгу Лізаветы Пракопчык утварылася праз нявыплачаныя грошы за працу ад дзвюх НДА (яны вінныя актывістцы амаль $6 тысяч). Другая частка пазыкі пачала расці праз нервовы зрыў, пасля якога дзяўчына была вымушаная прыпыніць усе праекты, і дадаткова праз яе удзел у валанцёрскіх варушняках.

Ліза Пракопчык. Фота: асабісты архіў

«З пагрозай шпіталізацыі праз нервовы зрыў летам мінулага года мне прыйшлося пакінуць усе працы, проста каб месяц-два адысці ад 12‑15 гадзін штодзённай працы (Ліза распавяла, што часта працавала на дзвюх‑трох працах у НДА і дадаткова займалася палітыкай — НН). Так я пачала жыць у пазыку. Ужо восенню я зноў выйшла на працу, патроху расплачвалася з аднымі пазыкамі, але ўсё роўна прыходзілася браць новыя. Браць новыя пазыкі прыходзілася праз спецыфіку працы ў беларускіх НДА ты заўсёды працуеш як падрадчык, не як супрацоўнік. На практыцы гэта значыць, што працу ты выконваеш зараз, а заплацяць табе калі-небудзь», — падзялілася Ліза.

Пачынаючы з зімы, па словах актывісткі, яна жыве дзякуючы сябрам.

Пасля вымушанага звальнення з працы Ліза два месяцы працавала з псіхатэрапеўтам. Дадаткова прымала антыдэпрэсанты і лячыла свой трывожна-дэпрэсіўны разлад. Зараз яна падпрацоўвае ў якасці фрылансеркі ў маркетынгу і SMM, але гэтыя грошы ідуць у асноўным на абавязковыя выплаты.

«За гэты месяц я зарабіла так каля $1000, з іх $650 аддала за кватэру, $220 — сябру ў кошт закрыцця пазыкаў. На руках засталося каля $150», — расказала дзяўчына пра сваю сітуацыю «Нашай Ніве».

Фінансавая сітуацыя Лізы зараз.

«Я лічу, што жыла па сродках. Канечне, можна было б жыць яшчэ больш сціпла. Але я і так адмаўлялася амаль ад усяго. Бюджэт на ежу мой агулам скараціўся з 400 злотых на тыдзень да 150 злотых (са $110 да $40 — НН). Я думала наконт змены жытла — замест кватэры здымаць, напрыклад, пакой. Але гэта вядзе да аднамомантных выдаткаў, якія я не магла сабе дазволіць. Нават калі я зараз хаджу на нейкія тусоўкі, то іду заўсёды з сябрамі, якія пра маю фінансавую сітуацыю ведаюць. Таму калі за нешта трэба плаціць, плацяць яны — за што ім жорсткі рэспект!». 

Чытайце таксама:«Нейкая Ліза, якой 20 гадоў, судзіцца з Лукашэнкам» — вялікая гутарка з Лізаветай Пракопчык

Пасля выбараў у Каардынацыйную раду Лізавета плануе працаваць барбэкам (памочніцай бармена) у адным з познаньскіх гастрамесцаў.

«Праца фізічна цяжкая, але ў мяне і досвед ужо быў, і агулам, галоўнае, што не завод і не склад», — разважае Пракопчык.

«Пра данаты ці нешта такое не прашу. Але калі сярод чытачоў «Нашай Нівы» знойдзецца айцішнік ці айцішніца, якім не шкада пазыку рэструктурызаваць і зрабіць так, каб я не была вінная ўсё і адначасова, то буду вельмі ўдзячная», — кажа дзяўчына.

Завязваць з палітыкай дзяўчына таксама не збіраецца, гэта тое, што ёй моцна падабаецца.

«Я не кіну палітыку ні пры якіх умовах, пакуль мы ўсе ў Беларусі не апынёмся. Тут маім хэйтэрам рэкамендую не расслабляцца!»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула