БЕЛ Ł РУС

Бацька Андрэя Пачобута пра вызваленне сына: «Упаду перад ім на калені і пацалую яму руку»

28.04.2026 / 17:36

Nashaniva.com

Бацька ўжо былога палітвязня Андрэя Пачобута Станіслаў Пачобут пра вызваленне сына даведаўся ад журналіста польскага выдання Wirtualna Polska. «Гэта як гром сярод яснага неба. Мы ж чакалі столькі гадоў. Я вельмі ганаруся Андрэем», — сказаў ён.

Андрэй Пачобут і ягоныя бацькі. Калаж: wp.pl

«Даведаўся ў гэты момант ад вас. Гэта велізарнае шчасце і радасць», — гаворыць у размове з Wirtualna Polska Станіслаў Пачобут. Эмоцыі ў яго былі настолькі моцнымі, што яму было цяжка гаварыць.

«Мы ўсхваляваныя. Жонка сядзіць побач са мной, плача ад замілавання, не магу яе супакоіць. Эмоцыі настолькі вялікія, што мне цяжка выціснуць хоць адзін сказ. Не знаходжу слоў, каб перадаць тое, што адчуваю. Гэта як гром сярод яснага неба, мы ж чакалі столькі гадоў», — кажа ён.

Станіслаў Пачобут падзякаваў усім, хто «памятаў пра Андрэя і атуляў яго малітвай».

«Дзякуем усім, хто памятаў пра Андрэя. Дзякуем Польшчы. Я вельмі ганаруся Андрэем. Калі я яго ўбачу, упаду перад ім на калені і пацалую яму руку», — гаворыць ён.

Пра вызваленне Андрэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, стала вядома днём 28 красавіка.

Абмен зняволенымі паміж Польшчай і Беларуссю адбыўся ў фармаце «пяць за пяць». Яму папярэднічаў «складаны і працяглы перамоўны працэс» паміж беларускім КДБ і польскім Агенцтвам разведкі. У вызваленні ўдзельнічалі і Злучаныя Штаты Амерыкі ў асобе спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла.

Андрэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года, а 8 лютага 2023‑га асуджаны за «дзейнасць, якая шкодзіць інтарэсам дзяржавы». Прысуд складаў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін адбываў у калоніі ў Наваполацку.

Чытайце таксама:

Анжаліка Борыс: Андрэй Пачобут не мае абмежаванняў, можа вярнуцца ў Беларусь

Туск расказаў, якія словы Пачобута былі першымі на волі

Прэзідэнт Польшчы запрасіў Пачобута ў Прэзідэнцкі палац

Беларусь і Расія кажуць, што адпусцілі пяць чалавек, асуджаных за шпіянаж, хоць сярод вызваленых і Пачобут

Ціханоўская пра Пачобута: Ягоная стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для нас усіх

Алесь Бяляцкі: Вельмі рады вызваленню Пачобута, але не забываемся і пра іншых

Каментары да артыкула