БЕЛ Ł РУС

Андрэй Пачобут: Беларускія чыноўнікі пацвердзілі, што я магу вярнуцца

28.04.2026 / 17:52

Nashaniva.com

Сярод тых, хто сустракаў вызваленага палітвязня Андрэя Пачобута на беларуска-польскай мяжы, быў намеснік галоўнага рэдактара «Gazety Wyborczej» Барташ Вяліньскі, які шмат гадоў дамагаўся вызвалення Пачобута з турмы. Менавіта ён суправаджаў вызваленага журналіста ў машыне Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) па дарозе ў Варшаву і па дарозе распытаў яго пра перажытае ў турме і пра вызваленне.

Андрэй Пачобут (справа) з намеснікам галоўнага рэдактара выдання Gazeta Wyborcza Барташам Вяліньскім. Фота: facebook.com/roman.imielski

Андрэй Пачобут згадаў, як трапіў у калонію ў Наваполацку і адразу пасля ўваходу пачуў крыкі вязня, якога катавалі.

«Лагерны капо загадаў новапрыбылым крычаць, каб заглушыць стогны збітага. Пачобут быў адзіным, хто не крычаў. Ад намесніка начальніка турмы ён пачуў: «Пачобут, нам не трэба, каб ты быў мёртвы, нам трэба, каб ты быў жывы». Але пра яго здароўе не дбалі», — пераказвае Барташ Вялінскі словы былога палітвязня.

У 2021 годзе яго змясцілі ў тую частку турмы на Валадарцы, якая прызначалася для асуджаных да смяротнага пакарання.

«Думалі, што мяне адразу запалохаюць, зламаюць, а я не даўся. Два гады жыў з адчыненым акном. Зіма, лета. А ў ШІЗА, гэта значыць у карцары [правёў там 167 дзён], у мяне не было нічога. Спаў на дошках, — расказвае ён.

У зняволенні Пачобут схуднеў на 20 кг — у 2023 годзе, калі яго пераводзілі ў калонію, ён важыў 93 кг, а цяпер 74 кг.

Таксама Пачобут падзяліўся свежымі ўспамінамі пра ўжо сённяшнія падзеі, калі а 3‑й гадзіны ночы яго разбудзілі.

«Сказалі, што мяне пераводзяць. Добра, падумаў, што паеду ў крытую турму ў Магілёве, нават узрадаваўся, бо там лепшыя ўмовы, чым у Наваполацку. Але мяне здзівіла, што загадалі забраць рэчы.

«Калі кадэбісты сказалі, што я выязджаю ў Польшчу, я адмовіўся. Запатрабаваў гарантый, што змагу вярнуцца. Прывезлі чыноўніка адміністрацыі прэзідэнта, патэлефанавалі польскаму паверанаму ў справах. Я спытаў, ці змагу вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў. Пацвердзілі і беларускія чыноўнікі», — сказаў Пачобут.

Пра вызваленне Андрэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, стала вядома днём 28 красавіка.

Абмен зняволенымі паміж Польшчай і Беларуссю адбыўся ў фармаце «пяць за пяць». Яму папярэднічаў «складаны і працяглы перамоўны працэс» паміж беларускім КДБ і польскім Агенцтвам разведкі. У вызваленні ўдзельнічалі і Злучаныя Штаты Амерыкі ў асобе спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла.

Андрэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года, а 8 лютага 2023‑га асуджаны за «дзейнасць, якая шкодзіць інтарэсам дзяржавы». Прысуд складаў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін адбываў у калоніі ў Наваполацку.

Чытайце таксама:

Бацька Андрэя Пачобута пра вызваленне сына: «Упаду перад ім на калені і пацалую яму руку»

Анжаліка Борыс: Андрэй Пачобут не мае абмежаванняў, можа вярнуцца ў Беларусь

Алесь Бяляцкі: Вельмі рады вызваленню Пачобута, але не забываемся і пра іншых

Туск расказаў, якія словы Пачобута былі першымі на волі

Прэзідэнт Польшчы запрасіў Пачобута ў Прэзідэнцкі палац

Ціханоўская пра Пачобута: Ягоная стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для нас усіх

Каментары да артыкула