БЕЛ Ł РУС

Асудзілі беларуса, які забіў расійскага суддзю, а пасля адрэзаў яму пеніс і засунуў у рот трупу

29.04.2026 / 20:14

Nashaniva.com

Цяпер Сяргею Кібальнікаву ці сядзець 22 гады, ці ісці на вайну ва Украіну, на што ён ужо выказаў жаданне, піша «Коммерсант».

Сяргей Кібальнікаў адразу пасля забойства. Аператыўная здымка

Суд у расійскай Валгаградскай вобласці прызнаў вінаватым прадпрымальніка Сяргея Кібальнікава ў жорсткім забойстве федэральнага суддзі Васілія Вятлугіна ў горадзе Камышын і вынес яму пакаранне — 22 гады калоніі строгага рэжыму.

Згодна з матэрыяламі справы, здарэнне адбылося ў жніўні 2025 года каля будынка суда. Кібальнікаў выкарыстаў пераробленую стрэльбу і некалькі разоў стрэліў у суддзю, параніўшы яго ў спіну. Пасля гэтага ён дабіваў яго нажом, а ўрэшце адрэзаў суддзі палавы орган і ўваткнуў яму нож у вока. Акрамя гэтага, ён пашкодзіў аўтамабіль пацярпелага.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым не толькі ў забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, але і ў незаконным абароце зброі, пераробцы агнястрэльнай зброі і наўмысным пашкоджанні маёмасці.

Следства ўстанавіла, што асноўным матывам злачынства была рэўнасць. Жонка абвінавачанага працавала сакратаром у тым жа судзе, дзе служыў забіты суддзя. Кібальнікаў падазраваў, што паміж імі маглі быць асабістыя адносіны.

Пры гэтым і Сяргей Кібальнікаў, і ягоная жонка паходзілі з Беларусі. Мужчына, якому цяпер 48 гадоў, нарадзіўся ў Смаргоні. Пасля школы ён пераехаў у Расію і ўжо ў пачатку 2000‑х меў расійскае грамадзянства, а таксама адкрыў там індывідуальнае прадпрыемства.

Яго жонка Алена Кібальнікава, якой цяпер 43 гады, родам з Гомеля. Яна пераехала ў Расію пасля школы і атрымала адукацыю ў Маскве. Пэўны час працавала ў транспартнай фірме мужа. У апошнія гады яна працавала сакратаркай у тым жа судзе, дзе служыў забіты суддзя.

Паводле даных следчых органаў, раней паміж Кібальнікавам і суддзёй ужо былі судовыя перасячэнні: у 2019 годзе Вятлугін разглядаў грамадзянскую справу з удзелам прадпрымальніка і вынес рашэнне на яго карысць.

Падчас судовага працэсу пракурор прасіў прызначыць 23 гады пазбаўлення волі, а абарона настойвала на змякчэнні кваліфікацыі злачынства і адпаведна больш мяккім пакаранні. Суддзя амаль задаволіла патрабаванне пракурора, прысудзіўшы 22 гады.

Акрамя пазбаўлення волі, суд абавязаў Сяргея Кібальнікава выплаціць маральную кампенсацыю сям’і загінулага, пакрыць выдаткі на пахаванне і рамонт аўтамабіля. Апрача таго, яму прысудзілі штраф у 120 тысяч расійскіх рублёў (каля 1600 даляраў) і прызначылі паўтара года абмежавання волі пасля выхаду з калоніі.

У чаканні прысуду Кібальнікаў заяўляў пра намер падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі і адправіцца ваяваць на фронт ва Украіну.

Чытайце таксама:

Беларус забіў расійскага суддзю, а пасля адрэзаў яму пеніс і засунуў у рот трупу

Z-блогер «Ваявода вяшчае» са 170 тысячамі падпісчыкаў паабяцаў скончыць жыццё самагубствам. Але, здаецца, выжыў

У Расіі вынесены прысуд пасынку вядомага артыста — ён забіў родную бабулю і брата

Сяргей узяў грошы за кантракт і пайшоў здавацца ў палон пры першай магчымасці. Пакручасты лёс беларуса, які падпісаўся ваяваць за Расію

Каментары да артыкула