БЕЛ Ł РУС

На Міншчыне завялі крыміналку на бацьку, які гвалціў дачку 20 гадоў таму

30.04.2026 / 10:29

Nashaniva.com

Шчырая размова дачкі з маці стала страшным адкрыццём і шокам. Яна ж паслужыла падставай для завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да бацькі-педафіла, які каля 20 гадоў быў беспакараным, піша «Мінская праўда». 

Міншчына, 2025 год. Сямейнае свята. Адна з прысутных — маладая дзяўчына, якую мама і бабуля папракаюць за чарговы пірсінг. І гэтая прычына не адзіная: сваячкам не падабаюцца ні стыль адзення дзяўчыны — яна любіць апранацца ў чорнае, ні яе любімы макіяж — таксама заўсёды вельмі змрочны. Новы стыль з’явіўся ў Аліны (імя зменена) прыкладна ў 2021-м, калі яна пачала самастойна зарабляць. Пакуль сям’я знаходзілася ў гасцях у бабулі вельмі сталага ўзросту, дзяўчына на прэтэнзіі не адказвала, адмоўчвалася і адмаўлялася называць прычыну сваіх паводзін.

Але тым жа вечарам, пасля вяртання дадому, маці і дачка засталіся разам. Бацькі дома не было. Мама не пакідала спробаў высветліць, што прымушае яе дзіця так моцна змяняць свой знешні выгляд, як лічыла яна, у горшы бок. І Аліна, здаўшыся, прызналася, што спрабуе змяніць свой твар, бо не хоча быць падобнай на ўласнага бацьку.

Прызнанне здзівіла маці. Яна працягнула задаваць пытанні, маўляў, чаму, за што Аліна так ненавідзіць тату? За тое, што любіў выпіць? За агрэсію і нястрыманасць? Бо і слова насуперак яму сказаць нельга было — ён прыходзіў у ярасць. І ўдарыць мог, і шпурнуць, і даволі жорстка пакараць — маці пра гэта ведала.

Бацька — педафіл

Жанчына працягнула ціснуць і патрабавала назваць прычыну такога нежадання быць падобнай на бацьку. Дзяўчына супраціўлялася доўга, не хацела нічога распавядаць, але маці настойвала, і ў рэшце рэшт Аліна прызналася: «Мой бацька — педафіл. Ён дамагаўся мяне ў дзяцінстве».

Шакаваная мама абрынулася на дачку з новай порцыяй пытанняў: што тая мела на ўвазе і што канкрэтна рабіў бацька? І дзяўчына паціху стала распавядаць, што тварылася ў яе дзяцінстве.

Жанчына плакала, слухаючы дачку. У хату зайшоў бацька і, не чуўшы размовы, па тварах жанчын, мяркуючы па ўсім, усё зразумеў — развярнуўся і сышоў. Вярнуўся назад толькі ўначы, моцна п’яны, але жонка ў хату яго ўжо не пусціла.

Выпытвала падрабязнасці мама ў дачкі яшчэ на працягу некалькіх дзён. Аліна прызналася, што першыя эпізоды гвалту яна памятала толькі па абстаноўцы ў хаце: тэлевізар стаяў у пэўным куце — у памяць урэзалася, як бацька паказваў ёй на ім фільм непрыстойнага, мякка кажучы, зместу. Маці, усвядоміўшы, што дачцэ на той момант было каля пяці гадоў, была шакаваная яшчэ больш: жанчына выдатна памятала, што, калі дзяўчынка пайшла ў школу, мэблю ў хаце пераставілі, і тэлевізар пасля гэтага стаяў ужо зусім у іншым месцы.

З паказанняў пацярпелай: «Парнаграфічны фільм, які мне дэманстраваў бацька па тэлевізары — гэта мой самы ранні ўспамін. Пры гэтым, наколькі я памятаю, я знаходзілася ў пакоі, калі сам бацька глядзеў яго і казаў мне, каб я глядзела разам з ім. Тады ён, наколькі я памятаю, у дачыненні да мяне ніякіх дзеянняў не здзяйсняў, проста казаў мне, каб я глядзела. У той перыяд мая мама працавала ў тры змены, і я часта ўвечары ці ўначы заставалася з бацькам удвух».

Прыкладна ў той жа час бацька пачаў фатаграфаваць дачку, папярэдне загадаўшы, каб дзяўчынка распранулася.

Маме пра гэта яна не распавядала: і саромелася, і, як прызнаецца цяпер, усё ж не была ўпэўненая, што гэта былі нейкія вельмі дрэнныя ўчынкі, бо тады яшчэ давярала бацьку.

«На працягу многіх гадоў бацька заўсёды пачынаў з казытанняў, пасля чаго прапаноўваў «пагуляць», — прызнаецца Аліна, — гэта было як кодавое слова. У першы раз я не ведала, што гэта значыць, але з наступнага разу стала разумець, да чаго гэта вядзе».

З часам здзекі сталі сістэматычнымі — прыкладна раз у месяц-два, як на п’яную галаву, так і на цвярозую. І кожны раз ён прасіў дзяўчынку ні пра што не распавядаць маці.

З паказанняў пацярпелай: «Калі я пайшла ў школу, то бацька казаў мне, каб я прыводзіла сябровак, але я нікога не прыводзіла. Апошні раз, калі я вучылася ў шостым класе, нікога не было дома, акрамя мяне і бацькі, ён прыстаў да мяне перад школай, на што я сказала, што калі ён не спыніць, то я прыйду заплаканая ў школу і распавяду пра гэта. Бацька спыніў свае дзеянні і больш апісаных выпадкаў не было. Прыкладна з 9‑10 гадоў, пасля таго як бацька стаў падкупляць прысмакамі, я стала разумець, што ён робіць нешта няправільнае і ганебнае. Я не хацела разбураць сям’ю, бо лічыла, што калі бацька працуе, то маці лягчэй фінансава».

Дзяўчынка не распавядала пра тое, што адбываецца, тым, хто быў побач, ні ў дзіцячым узросце, ні падлеткам, ні ўжо стаўшы самастойнай.

Адзіныя людзі, каму яна змагла даверыцца, былі віртуальныя сяброўкі з іншай краіны, у афлайне з імі знаёмая яна не была.

Бацька сваю віну спачатку адмаўляў. Мужчына настойваў: нічога такога нават і блізка не было, дачка хлусіць.

З паказанняў абвінавачанага: «Ніякіх распусных дзеянняў у дачыненні да сваёй дачкі я не здзяйсняў. Яна ўсё прыдумала, каб ад мяне пазбавіцца, каб я не піў. З маёй дачкой у мяне нармальныя ўзаемаадносіны за выключэннем тых перыядаў, калі я сыходжу ў запоі».

Аднак праз некалькі дзён мужчына перадумаў і заявіў, што да сваіх мінулых паказанняў хоча дадаць шчырае прызнанне. І нават не адно, а тры. У іх ён выклаў сваё бачанне апісаных дачкой эпізодаў гвалту, звёўшы ўсё да таго, што дзяўчынка нешта памятае няправільна, недзе перабольшвае, а нешта і зусім прыдумала. Віну сваю мужчына часткова прызнаў, аднак сказіў усё да «ніякага злога намеру ў мяне не было, гвалту да сваёй дачкі я не ўжываў, я прапаноўваў ёй здзейсніць тыя дзеянні [сэксуальнага характару], а яна добраахвотна [напрыклад, паабяцаўшы ёй за гэта купіць шакаладку, — цытата з матэрыялаў крымінальнай справы па адным з эпізодаў] на гэта згаджалася».

На сёння, пасля правядзення велізарнай колькасці экспертыз, сабрана значная колькасць доказаў віны абвінавачанага, крымінальная справа перададзена ў пракуратуру. Абставін, якія змякчаюць віну бацькі, следства не знайшло, а вось тых, што абцяжарваюць, больш чым дастаткова. Мужчыну прад’яўлена абвінавачанне за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару па ч. 1 арт. 169, ч. 3 арт. 167, ч. 3 арт. 166 КК.

Паводле заключэння экспертызы, Аліна, ахвяра шматгадовага гвалту, цяпер «пакутуе на псіхічнае расстройства ў форме хранічнага змянення асобы пасля перажывання катастрофы».

І не выключана, што наступствы псіхатраўмы незваротныя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула