БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка зноў загадаў спыніць «шалёнае будаўніцтва жылля» ў Мінску

30.04.2026 / 15:45

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 30 красавіка заявіў, што неабходна спыніць адток насельніцтва з рэгіёнаў у Мінск і абласныя цэнтры, піша БелТА. Па яго словах, людзі павінны мець магчымасць жыць і працаваць у сваіх гарадах і раёнах, таму развіццё рэгіёнаў трэба зрабіць адным з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Асобна ён раскрытыкаваў вялікія аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы. Лукашэнка назваў гэта «шалёнай забудовай» Мінска і адзначыў, што масавае будаўніцтва кватэр у горадзе прыцягвае сюды ўсё больш людзей з рэгіёнаў. Ён таксама заўважыў, што жыллё ў Мінску купляюць і грамадзяне Расіі.

Пры гэтым цалкам спыняць будаўніцтва ў сталіцы, паводле яго слоў, не будуць. У Мінску і надалей павінна ўзводзіцца неабходная колькасць арэнднага жылля, але асноўны акцэнт прапануецца перанесці ў рэгіёны.

Лукашэнка адзначыў, што ў некаторых сельскіх гаспадарках ужо не хапае мясцовых работнікаў, таму людзей прывозяць з райцэнтраў. На яго думку, гэта сведчыць пра неабходнасць мацней развіваць раённыя цэнтры і аграгарадкі.

Ён прапанаваў ствараць там не толькі жыллё, але і ўмовы для адпачынку, развіцця і камфортнага жыцця, каб людзі не імкнуліся пераязджаць у сталіцу.

Таксама Лукашэнка заявіў, што меншая перанаселенасць Мінска пойдзе на карысць самім мінчукам, бо горад застанецца зручным і камфортным для жыцця.

Гэта далёка не першы раз, калі Лукашэнка ў сваіх публічных выступленнях звяртаецца да гэтай тэмы. Апошнія гады і нават дзесяцігоддзі ён рэгулярна заяўляе, што будаўніцтва жылля ў Мінску павінна спыніцца, і дае строгія загады на гэты конт. Тым не менш, разбудова сталіцы працягваецца незалежна ад гэтага.

Чытайце таксама:

Лукашэнка прапанаваў правесці ў Лагойск чыгунку

У Мінгарвыканкаме расказалі, дзе ў сталіцы яшчэ будуць будаваць новае жыллё

Лукашэнка: Годзе ўжо будаваць музеяў, дастаткова аднаго

«Пасля нашага з табой пакалення мужыкоў няма». Лукашэнка наракае, што мужчыны-беларусы «стапталіся»

Лукашэнка даручыў разабрацца з даўгабудамі, перадусім у «Мінск-Свеце»

Новы ўказ аб арэндным жыллі: хто зможа вырашыць кватэрнае пытанне

Каментары да артыкула