БЕЛ Ł РУС

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

2.05.2026 / 09:18

Вера Белацаркоўская

22‑гадовы Якаў Кудзялевіч, сын аднаго з лідараў страйкама «Беларуськалія» Дзмітрыя Кудзялевіча, трапіў у рэанімацыю чэшскага гарадка пасля спробы самагубства. Хлопец атруціўся вялікай дозай прэгабаліну — цяжкіх псіхіятрычных лекаў. Як гэта магло здарыцца? 

Фота: фэйсбук

Якаў Кудзялевіч перабраўся ў Чэхію ў 2021‑м і пайшоў там вучыцца. Выбраў гэту краіну, бо так параіў яму бацька.

Якаў паступіў у Остраўскі тэхнічны ўніверсітэт, вывучаў біямедыцынскія тэхналогіі. Тры курсы маладзён правучыўся на той складанай спецыяльнасці, але ў 2024‑м не здаў двойчы адзін экзамен і быў адлічаны. Так юнак пазбавіўся законнай падставы жыць у Чэхіі і пайшоў шукаць іншыя спосабы легалізацыі.

Спачатку хлопец спрабаваў атрымаць новую візу, знайшоў сабе працу і ўніверсітэт у Празе, але і там не склалася. На яго нават паспелі выпісаць рашэнне аб дэпартацыі. Каб пазбегнуць той высылкі, дзяцюк вырашыў ісці ў лагер уцекачоў і падавацца на міжнародную абарону.

10 красавіка Якаў атрымаў адказ, што ў міжнароднай абароне яму адмаўляюць. Невядома, ці меў ён нейкія доказы таго, што ў Беларусі яму сапраўды пагражае пераслед.

Якаў Кудзялевіч. Фота: старонка хлопца Укантакце

13 красавіка Якаў звярнуўся да адваката, і той сказаў хлопцу, што абскарджанне адмовы каштуе 35 тысяч чэшскіх крон — больш за 1400 еўра. Такіх грошай у Якава не было, і яго перанакіравалі да бясплатнага адваката.

Прыкладна ў той жа час юнак пасварыўся з дзяўчынай.

Увечары 13 красавіка Якаў перастаў выходзіць на сувязь. Яму званілі, пакуль тэлефон у хлопца цалкам не разрадзіўся, і тады яго дзяўчына папрасіла, каб Якава наведалі ў яго пакоі — праверыць, ці ўсё добра. Калі зайшлі, убачылі, што хлопец ляжыць непрытомны.

З лагера для ўцекачоў, дзе ён знаходзіўся, Якава перавезлі ў рэанімацыю горада Рыхнаў-над-Княжнаў. Аказалася, што ў беларуса моцнае атручванне цяжкімі лекамі. Сярод іх, напрыклад, прэгабалін — гэты моцны сродак, які выкарыстоўваюць для лячэння боляў, эпілепсіі і трывогі.

Больш за два тыдні ён знаходзіцца ў коме. Наколькі вядома, яго мозг атрымаў моцнае пашкоджанне, і перспектывы Якава няясныя.

Наколькі вядома, хутка таксама можа скончыцца страхоўка, на аснове якой хлопца лечаць. У такім выпадку далейшая рэабілітацыя беларуса можа каштаваць яго бацькам дзясяткі тысяч еўра.

Чытайце таксама:

«Калі яшчэ раз падымуць, адмовімся ад тура». Беларусы сутыкнуліся з падаражаннем авіябілетаў

Ціханоўская: Колькі нас ні душаць рэпрэсіямі, ні палохаюць — мы з вамі працягваем упарта рабіць беларускую справу

На Камароўцы прадаецца саджанец за 350 рублёў. Што з яго можа вырасці?

Каментары да артыкула