БЕЛ Ł РУС

На Канферэнцыі беларусаў у Варшаве чацвёра чалавек разгарнулі плакаты супраць Ціханоўскай. Яна адказала

1.05.2026 / 12:58

Nashaniva.com

Падчас выступлення Святланы Ціханоўскай на V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Варшаве некалькі ўдзельнікаў выйшлі з плакатамі з надпісамі «Канферэнцыя ≠ вынікі», «Ціханоўская, дзе мандат?», «Ціханоўская = Лукашэнка», «Света, аддай грошы Сашу, ачысці сумленне».

Фота: Reform.news

Напярэдадні апаненты Офіса Ціханоўскай анансавалі акцыю супраць, паводле іх слоў, «самазванцаў і махляроў, якія прыкрываюцца імем народа Беларусі, незаконна прысвойваюць сродкі заходніх донараў, датычныя да ўцечкі персанальных даных і садзейнічаюць палітычна матываваным арыштам». Арганізатары таксама заявілі, што такія канферэнцыі не накіраваныя на вырашэнне рэальных праблем, а выкарыстоўваюцца для «асваення выдзеленага фінансавання», піша Reform.news.

Да месца правядзення канферэнцыі прыйшоў блогер Сяргей Пятрухін, які таксама заклікаў паплечнікаў далучыцца да акцыі супраць мерапрыемства. Ён разгарнуў плакат «Інфаабслуга дэмсіл — гэта не журналістыка. Каму служаць «незалежныя СМІ?».

Журналісты папрасілі Святлану Ціханоўскую пракаментаваць тое, што адбылося. Паводле яе слоў, яна ведала пра падрыхтоўку акцыі.

«Я бачыла і на самой справе ведала, што недзе ў сацсетках заклікаюць людзей прыйсці на канферэнцыю і выказаць сваё меркаванне. Але ва ўсіх нас ёсць на гэта права.

Магчыма, калі пачнецца дыскусія, я запрашу гэтых людзей і проста з імі пагавару: у чым справа, якія ёсць пытанні і паспрабую адказаць. Бо часцей за ўсё… Я спадзяюся, што яны прыйшлі з канкрэтнымі прапановамі, як нешта можна палепшыць, калі, напрыклад, іх не задавальняе мая праца. Трэба ўдакладніць: гэта супраць мяне асабіста ці супраць канферэнцыі. Я гэтых нюансаў не ведаю. Так, я бачыла. Выдатна, што ў нас ёсць такая магчымасць», — адказала палітык.

Фота: Reform.news

Фота: Reform.news

Чытайце таксама:

Ціханоўская: Колькі нас ні душаць рэпрэсіямі, ні палохаюць — мы з вамі працягваем упарта рабіць беларускую справу

Каментары да артыкула