БЕЛ Ł РУС

Мінчук вырошчваў у кватэры каноплі, каб лячыцца ад болю ў суставах

3.05.2026 / 09:13

Nashaniva.com

У суд накіравалі крымінальную справу супраць 35‑гадовага жыхара Мінска, які вырасціў у сваёй кватэры два кусты канопляў і захоўваў марыхуану, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

Мужчына жыў адзін у кватэры на вуліцы Максіма Гарэцкага. Паводле матэрыялаў справы, доўгі час ён цярпеў ад боляў у суставах. На адным з інтэрнэт-сайтаў прачытаў, што палегчыць боль можа марыхуана. Пасля гэтага ён пачаў вывучаць, як вырошчваць расліны роду Cannabis у хатніх умовах.

У шафе ў пярэднім пакоі мінчук зрабіў так званы гроўбокс — спецыяльную канструкцыю для вырошчвання раслін. Ён абсталяваў яе асвятленнем, вентыляцыяй і прыборамі для кантролю тэмпературы. Усё неабходнае купіў праз маркетплэйс. Насенне канопляў у яго ўжо было — паводле яго слоў, нехта перадаў яго на адным з рок-фестываляў.

Мужчына пасадзіў два зярняткі, якія пазней прараслі. Ён даглядаў расліны, пасля зразаў лісце, сушыў яго і здрабняў, атрымліваючы марыхуану.

Праз некаторы час у кватэру прыйшлі супрацоўнікі наркакантролю. Яны канфіскавалі расліны, гроўбокс, прыстасаванні для курэння, а таксама знайшлі ў кухоннай шафе ёмістасць з 5,93 грама гатовай да ўжывання марыхуаны.

Мужчыну затрымалі і завялі крымінальную справу.

Паводле пракуратуры, ён халасты, працуе таваразнаўцам у прыватнай кампаніі і раней не быў судзімы. Яму выстаўленыя абвінавачанні ў незаконным абароце наркатычных сродкаў, а таксама ў незаконным пасеве і вырошчванні раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы.

Сваю віну мінчанін цалкам прызнаў. У дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Чытайце таксама:

Марыхуана НЕ бясшкодная, паказваюць новыя даследаванні

Былы доктар-нарколаг вырошчваў дома ў Мінску каноплі

У Баранавічах 68‑гадовая пенсіянерка вырошчвала каноплі і піла з іх гарбату. Колькі далі?

У пенсіянеркі з Баранавічаў канфіскавалі 4 кг марыхуаны

Каментары да артыкула