У Літве сышоў з рэек грузавы цягнік з хімікатамі. Гэта ўжо другі выпадак за апошнія дні
У Літве пад Коўнам з рэек сышоў грузавы цягнік з хімікатамі. Гэта другі такі выпадак за два дні. Ноччу з рэек сышлі лакаматыў і вагоны з Германіі. Улады сцвярджаюць, што пацярпелых, а таксама ўцечкі небяспечных рэчываў няма.
Фота: BNS
З-за аварыі надоўга спыніліся цягнікі, якія ідуць на поўдзень краіны — у бок Марыямпаля і Кібартаў.
У сувязі з гэтым інцыдэнтам Беларуская чыгунка заявіла пра затрымку некалькіх цягнікоў, якія курсуюць праз тэрыторыю Беларусі ў расійскі Калінінград і з яго.
Затрымкі закранаюць цягнікі:
- №360 Калінінград — Адлер;
- №148 Калінінград — Масква;
- №147 Масква — Калінінград;
- №79 Санкт-Пецярбург — Калінінград;
- №29 Масква — Калінінград.
Паведамляецца, што затрымкі на Беларускай чыгунцы складаюць прыкладна ад 30 хвілін да 5 гадзін.
Акрамя таго, частка вагонаў з цягніка №148 Калінінград — Масква, якія ішлі ў спалучэнні Мінск — Масква, 3 мая будзе рухацца асобным цягніком №248 Мінск — Масква. Ён адпраўляецца з Мінска а 9:49 і прыбывае ў Маскву а 19:44.
Папярэдняя падобная аварыя адбылася ў Літве раніцай 1 мая на чыгуначнай станцыі Гуджуны ў Кейданскім раёне. Тады з рэек сышлі тры вагоны са шчэбнем. Вагоны перакінуліся, груз высыпаўся. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў, але інцыдэнт закрануў 18 цягнікоў і каля 3000 пасажыраў, якія ехалі ў кірунку на Шаўлі і Клайпеду.
Чытайце таксама:
У сутыкненні цягнікоў у Інданезіі загінулі як мінімум 14 чалавек.
Ад сёння пенсіянерам даецца зніжка 50 адсоткаў на праезд у электрычках
У Жодзіне дзяўчына загінула пад коламі цягніка
Белчыгунка прызначыла на перыяд вясновых свят больш за 100 дадатковых цягнікоў