Фіны, грэкі і датчане лічацца фаварытамі. Топ-8 сёлетняга «Еўрабачання»: вось хто мае шансы
Класічная музыка, поп-нумары і фрыкі, без якіх не было б то «Еўрабачанне». Расказваем, ад каго чакаць сюрпрызаў на сёлетнім конкурсе, які стартуе сёння ў аўстрыйскай Вене.
Фота: Eurovision Song Contest / Youtube
Фінляндыя: Linda Lampenius і Pete Parkkonen — Liekinheitin
Фінляндыя вязе на Еўрабачанне сапраўдны хіт. Букмекеры прагназуюць гэтай песні першае месца. У трэку Liekinheitin скамбінавалі запамінальную мелодыю на мяжы рока з танцавальнай музыкай, вакал спевака Пеце Парканена і жывую ігру на скрыпцы сусветна вядомай скрыпачкі Лінды Лампеніюс.
Грэцыя: Akylas — Ferto
Для сёлетняга выступу грэкі прапануюць хуткую танцавальную музыку з нацыянальнымі матывамі. У гэтую абгортку яны схавалі яркі сацыяльны тэкст. Ferto ад рэпера Akylas — песня пра чалавечую прагнасць і імкненне спажываць больш чым трэба, якое ідзе ад пустаты ў чалавечай душы. А яшчэ Akylas — адзін з тых тыпова еўрабачанскіх дзівакоў.
Данія: Søren Torpegaard Lund — Før vi går hjem
Дацкі прадстаўнік Сёрэн Торпегар адказвае на сёлетнім «Еўрабачанні» за якасную поп-музыку. На конкурс ён прадставіць пенсю Før Vi Går Hjem. Падчас нацыянальнага фіналу Сёрэн спяваў у шкляным боксе з неонам, дымам і пластычнай падтанцоўкай. Усе кампаненты хіта для «Еўрабачання» на месцы, але ці хопіць гэтага для перамогі?
Чэхія: Daniel Žižka — Crossroads
Чэхі яшчэ ніколі не мелі поспеху на «Еўрабачанні». За 13 гадоў удзелу яны толькі пяць разоў прабіліся ў фінал і ніколі не займалі месца вышэйшага за шостае. Наўрад ці песня Crossroads ад Даніэля Жыжкі дапаможа ім пераламаць трэнд — надта яна для гэтага самабытная. Але гэта не перашкодзіць нам атрымаць задавальненне ад моцнага вакалу Жыжкі і атмасфернай музыкі.
Арменія: SIMÓN — Paloma Rumba
Выканаўца SIMÓN вязе на конкурс яркае шоу. Яго палымяная Paloma Rumba — гісторыя пра тое, як сучасная працоўная культура можа рабіць чалавечае жыццё аднастайным і забіраць час ад больш важных рэчаў. SIMÓN прапануе ратавацца з карпаратыўнага палону і выбіраць іншы шлях — ці проста патанчыць.
Ізраіль: Noam Bettan — Michelle
Ноам Бетан сёлета скрадзе ўсе сэрцайкі глядачак «Еўрабачання». Галасісты спявак з Ізраіля выступіць з песняй Michelle на трох мовах: чакайце іўрыт, французскую і англійскую мовы. Гэтая песня пра таксічнае каханне мае такую запамінальную мелодыю, што выкінуць яе з галавы будзе няпроста — а значыць, слухачы не забудуць, за каго галасаваць.
Ужо не першы год ёсць шмат палемікі вакол удзелу Ізраіля ў конкурсе — праз баявыя дзеянні супраць Палесціны, за якія Ізраіль абвінавачваюць у генацыдзе палесцінцаў. Сёлета з гэтай нагоды ў знак пратэсту конкурс прапусцяць Іспанія, Ісландыя, Нідэрланды, Славенія і Ірландыя.
Францыя: Monroe — Regarde!
Таленавітая і абаяльная Monroe выступіць з песняй у стылі поп-опера, чым падтрымае ледзь не самы надзейны трэнд «Еўрабачання» — у мінулыя два гады перамаглі песні ў тым жа стылі. Будзе і яшчэ адзін трэнд, скрыпка, які мы сёння ўжо згадвалі вышэй. Хаця што яшчэ везці ў Вену, акрамя як класіку? Здаецца, Monroe усё яшчэ можа скласці канкурэнцыю на гэтым конкурсе.
Нарвегія: Jonas Lovv — Ya Ya Ya
На гэтым месцы мог быць Аляксандр Рыбак, які сёлета спрабаваў зноў трапіць на «Еўрабачанне». Але замест яго на конкурс едзе нарвежац Ёнас Лов. Са сваімі вусамі, чорным камбінезонам і характэрнымі рухамі на сцэне ён бессаромна капіруе Фрэдзі Мерк'юры. Выйсці на сцэну з рок-музыкай у год, калі навокал пануе адна папса і опера — смела, вельмі смела.
Чытайце таксама:
«Еўрабачанне» запускае конкурс у Азіі
Начны Раман стварае песні з вайбам 90‑х на беларускай мове
Чым займаецца ўнук вядомага кампазітара і аўтара «Калыханкі» Васіля Раінчыка?