БЕЛ Ł РУС

Беларуса, якога адлічылі з БДЭУ за тое, што не так стаяў на лінейцы, цяпер забіраюць у войска

5.05.2026 / 14:11

Nashaniva.com

Гісторыя былога студэнта чацвёртага курса БДЭУ Кірыла, якая пачалася з рэзананснага відэа, атрымала лагічны для беларускіх рэалій працяг. Пасля адлічэння з БДЭУ і безвыніковых судовых спроб аднавіцца беларус паведаміў пра новую праблему — цяпер яго прызываюць у войска, піша BGmedia.

Скрыншот з выдаленага відэа

Кірыл, якога выключылі з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, распавёў пра новыя дэталі сваёй гісторыі. Цяпер яго прызываюць на тэрміновую службу.

Гісторыя пачалася ў кастрычніку 2025 года, калі Кірыла, студэнта чацвёртага курса, адлічылі з універсітэта. Прычынай стала відэа, апублікаванае хлопцам у TikTok. На ім была знятая ўрачыстая лінейка, дзе студэнт разам з дзвюма дзяўчатамі стаяў пад дзяржаўны гімн Беларусі. На роліку адна дзяўчына спявала словы гімна, пакуль сам Кірыл разам з іншай гераіняй відэа проста рухаліся пад музыку.

Кірыл сцвярджае, што відэа трапіла ў Міністэрства адукацыі, дзе яго расцанілі як «непавагу да дзяржаўных сімвалаў», бо ўдзельнікі стаялі спінай да сцяга. Пры гэтым у студэнта ўжо былі акадэмічныя запазычанасці і адно непагашанае спагнанне. Відэа, паводле яго версіі, стала фармальнай падставай для другой вымовы, пасля якой адбылося адлічэнне.

У афіцыйным загадзе ўніверсітэта паведамлялася, што студэнт быў выключаны за парушэнне правілаў унутранага распарадку.

Таксама адзначалася, што яго дзеянні могуць утрымліваць прыкметы адміністрацыйнага або крымінальнага правапарушэння.

Камісія ўлічыла і папярэднія дысцыплінарныя спагнанні.

Пасля адлічэння Кірыл меў намер аспрэчыць рашэнне БДЭУ ў розных інстанцыях з дапамогай адвакаткі: ад Міністэрства адукацыі да пракуратуры. Аднак пакуль ніводная скарга былога студэнта не была задаволеная.

У сваім Telegram-канале ён распавёў, што ўсё скончылася «фармальнымі адпіскамі». У Мінадукацыі паведамілі, што парушэнняў дзеючага заканадаўства з боку БДЭУ выяўлена не было.

Паводле Кірыла, ва ўніверсітэце яму таксама не далі канкрэтных тлумачэнняў: адказы паўтараліся і выглядалі «нібыта напісанымі пад капірку». Ён адзначае, што адчувае сум, бо страціў тры гады навучання і так і не змог скончыць ВНУ.

1 мая 2026 года стала вядома пра новы паварот у справе. У Telegram-канале Кірыл распавёў, што яго забіраюць у войска.

Ён нагадаў, што падчас мінулага прызыву, калі яго толькі выключылі з універсітэта, яго не забралі праз перапоўнены набор. Тады яму адразу ўручылі позву на сакавік 2026 года. Час праляцеў хутка, і 23 сакавіка ён з’явіўся ў ваенкамат, але забыўся ўзяць неабходныя дакументы (аналізы, ЭКГ і іншыя даведкі).

Там, як сцвярджае хлопец, супрацоўніца ваенкамата пачала папракаць яго за адсутнасць медыцынскіх папер і ў выніку выдала позву на адпраўку: кантрольная яўка прызначаная на 5 мая, а ўжо 6 мая яго маюць забраць у войска.

У канале хлопец паабяцаў пазней паведаміць, у якую менавіта вайсковую частку яго накіроўваюць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула