Найбліжэйшым часам плануюць значна разбудаваць Фаніпаль
Адзін з гарадоў-спадарожнікаў Мінска — Фаніпаль — у найбліжэйшыя гады чакае маштабнае пашырэнне. Паводле планаў уладаў, да 2035 года насельніцтва горада можа вырасці з прыкладна 19 тысяч да 29 тысяч чалавек, піша Fanipol.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: dzr.by
Улады рыхтуюць будаўніцтва новага жылога раёна на тэрыторыі больш за 200 гектараў.
Апошнія гады горад ужо актыўна забудоўваўся, асабліва ўздоўж вуліцы Зялёнай, але цяпер магчымасці для росту ў гэтым кірунку практычна вычарпаныя. Фаніпаль абмежаваны аўтатрасай, чыгункай, прамысловымі зонамі і радовішчамі карысных выкапняў, таму новае развіццё запланавана на поўдзень — у бок найбліжэйшых вёсак.
На месцы палёў і пустых тэрыторый плануюць стварыць паўнавартасны гарадскі квартал. Там з’явіцца шматкватэрнае жыллё прыкладна на 2400 кватэр, а таксама каля 300 участкаў для індывідуальнай забудовы. Разам з жыллём прадугледжана развіццё інфраструктуры: школа больш чым на тысячу вучняў, два дзіцячыя сады, гандлёвыя аб’екты, рынак, гатэль, бізнэс-цэнтр, установы харчавання, спартыўныя і забаўляльныя аб’екты, уключаючы боўлінг і SPA.
Таксама ў раёне павінны з’явіцца банк, пошта і сэрвісы пракату.
Аднак асноўнай праблемай застаецца транспарт. Частка новага раёна будзе знаходзіцца за чыгункай, і там можа жыць да траціны насельніцтва горада. Зараз сувязь з гэтай тэрыторыяй фактычна абмежаваная адным пераездам, дзе ўжо ўзнікаюць заторы. Для паляпшэння сітуацыі плануюць пабудаваць падземны тунэль, але спецыялісты сумняваюцца, што гэтага будзе дастаткова.
Будаўніцтва разлічана на два этапы — да 2030 і да 2035 года, але дакладныя тэрміны пачатку работ пакуль не вызначаныя.
Чытайце таксама:
Для каго сабраліся будаваць велізарны вантавы мост у Мінску?
Каля чвэрці кватэр, купленых летась, мінчукі набылі ў прыгарадзе
Плануецца запусціць электробусы ў гарады-спадарожнікі
Асноўныя выезды з Мінска зробяць з цэментна-бетонным пакрыццём