Куды цяпер едуць вучыцца беларускія студэнты — топ краін і тэндэнцый
Расія больш не галоўны кірунак, але ёсць нюанс.
Беларускія выпускнікі. Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
Яшчэ дзесяць гадоў таму, калі сярэднестатыстычная беларуская сям’я думала пра адукацыю дзіцяці за мяжой, часта абірала Расію. Блізка, зразумелая мова, падобная сістэма, без культурнага шоку. Еўропа выглядала больш складаным, дарагім і не заўсёды дасяжным маршрутам.
Але за апошняе дзесяцігоддзе гэтая карта амаль перавярнулася. Расія больш не галоўны цэнтр прыцягнення беларускіх студэнтаў. На першае месца выйшла Польшча. Больш беларусаў стала вучыцца таксама ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера». Яго аўтары — палітолаг Андрэй Казакевіч і Кацярына Ганчарэнка — прааналізавалі адукацыйную міграцыю беларусаў у 35 краінах Еўропы, Турцыі і Расіі ў 2013—2025 гадах.
Колькі цяпер студэнтаў за мяжой?
На першы погляд можа падацца, што вялікага адукацыйнага адтоку няма. Колькасць беларускіх студэнтаў у Еўропе і Расіі за апошняе дзесяцігоддзе то падае, то расце. Пік быў у 2013 годзе — каля 34 тысяч чалавек, мінімум прыпаў на 2017 год — 22 тысячы. У 2023‑м за мяжой навучалася 28,7 тысячы беларусаў.
Скрыншот з прэзентацыі даследавання
Але гэта толькі палова карціны. У самой Беларусі колькасць студэнтаў за той жа перыяд скарацілася амаль удвая — з 380 тысяч да 204 тысяч, без уліку замежнікаў. Таму адносная вага замежнай адукацыі, наадварот, вырасла: калі ў 2016 годзе на аднаго беларускага студэнта за мяжой прыпадалі 13 студэнтаў унутры краіны, то ў 2023‑м — ужо толькі сем.
Расія страціла першае месца
Істотная змена адбылася ў геаграфіі.
У 2013 годзе каля 70% беларускіх студэнтаў за мяжой вучыліся ў Расіі. У 2025‑м доля Расіі ўпала да 32%. У абсалютных лічбах таксама падзенне: з амаль 24 тысяч беларускіх студэнтаў у 2013 годзе да 10,5 тысячы ў 2025-м.
Але трэба адзначыць, што цяперашняя колькасць беларускіх студэнтаў у Расіі параўнальная з 2017 годам. А мінімум быў у 2021‑2022 — 8,8 тысячы (даныя ўзяты са статыстычных выданняў Міністэрства адукацыі Расіі).
Польшча, наадварот, зрабіла рывок. У 2013 годзе на яе прыпадала толькі 11% беларускіх студэнтаў за мяжой, цяпер — больш за 44%. Колькасць беларусаў у польскіх універсітэтах за дзесяць гадоў вырасла больш як утрая: з 3,7 тысячы да 12,2 тысячы.
Пік росту прыйшоўся на 2020‑2022 гады — час пасля беларускіх пратэстаў і пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Цяпер, праўда, польскі рост, здаецца, дасягнуў столі. У 2023 годзе колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы павялічылася ўсяго на 22 чалавекі (агулам было 12,7 тысячы), а ў 2024‑м упершыню за перыяд даследавання скарацілася — адразу на 500. На 2025 год агульная лічба складае 12,2 тысячы студэнтаў.
Сярод прычын аўтары называюць спад хвалі палітычнай міграцыі, больш складаныя бюракратычныя працэдуры, праблемы з прызнаннем дакументаў і студэнцкімі візамі.
Скрыншот з прэзентацыі даследавання
Расійскі ўніверсітэт часта не пра студэнцкае жыццё, а толькі пра дыплом
Важная дэталь пра беларусаў у расійскіх універсітэтах: значная частка гэтых людзей не жыве класічным студэнцкім жыццём у Маскве, Санкт-Пецярбургу ці іншым універсітэцкім горадзе.
Паводле даследавання, у 2025 годзе 24,1% беларускіх студэнтаў у Расіі вучыліся завочна, яшчэ 47,6% — на вочна-завочнай форме. Разам гэта 71,7% усіх беларускіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах. У абсалютных лічбах — 7,6 тысячы студэнтаў не дзённай формы супраць 3 тысяч дзённых.
Гэта мяняе сэнс лічбаў. Калі беларус едзе вучыцца ў Польшчу, Літву ці Чэхію, гэта часцей за ўсё азначае фізічны пераезд, адаптацыю, новую мову, новае асяроддзе і шанец застацца ў краіне. Калі беларус вучыцца ў Расіі, гэта нярэдка азначае іншае: атрымаць дыплом на рускай мове, па больш зразумелай і часта прасцейшай траекторыі, не абавязкова глыбока ўключаючыся ў жыццё ўніверсітэта.
Таму расійскі кірунак у гэтай статыстыцы хутчэй выглядае як шлях да адносна простага фармальнага дыплома.
«Новы Захад» для беларусаў
За дзесяць гадоў значэнне Усходняй Еўропы для беларускіх студэнтаў вырасла больш як удвая — з 24% да 56%, з 6,9 тысячы студэнтаў да 16,1 тысячы.
Гэта не толькі Польшча. Чэхія за 2013‑2023 гады амаль падвоіла колькасць беларускіх студэнтаў — з 577 да 1096 чалавек. Адзін з ключавых фактараў — магчымасць бясплатна вучыцца на чэшскай мове. Славакія стала лідарам па тэмпах росту: з 18 беларускіх студэнтаў у 2013 годзе да 426 у 2024-м.
Літва — асобны выпадак. У 2013 годзе там вучыліся 1,68 тысячы беларусаў, потым колькасць зніжалася і ў 2019‑м упала да 818. Пасля 2020 года тэндэнцыя зламалася: праз стыпендыяльныя праграмы і новую хвалю падтрымкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта колькасць беларускіх студэнтаў у Літве зноў вырасла і ў 2023 годзе дасягнула каля 1,6 тысячы. Цяпер яна стабілізавалася крыху вышэй за 1,5 тысячы.
А вось Заходняя і Паўночная Еўропа не сталі масавым кірункам. І гэта не таму, што беларускія студэнты не мараць пра Нарвегію, Швецыю ці Данію. Прычына больш празаічная: там дорага вучыцца і жыць, вышэйшы парог уваходу, складанейшыя міграцыйныя правілы і менш відавочная перспектыва хутка ўладкавацца пасля вучобы.
Напрыклад, у Нарвегіі студэнту трэба пацвердзіць фінансавую здольнасць пакрываць выдаткі на жыццё — у 2025/2026 навучальным годзе гэта ацэньваецца ў 167 тысяч нарвежскіх крон (гэта каля 15500 еўра) на год. Гэта акрамя таго, што студэнты з-за межаў ЕС звычайна плацяць за навучанне.
На гэтым фоне Польшча, Чэхія ці Славакія выглядаюць не кампрамісам, а цалкам сабе рацыянальным выбарам: бліжэй да Беларусі, танней, прасцей з мовай і больш зразумела з рынкам працы.
Дзве краіны трымаюць тры чвэрці ўсіх студэнтаў за мяжой
Нягледзячы на пашырэнне геаграфіі, беларускі студэнцкі свет за мяжой застаецца вельмі канцэнтраваным.
Польшча і Расія разам прыцягваюць каля 76% беларускіх студэнтаў. Калі дадаць яшчэ тры краіны — Германію, Літву і Чэхію — атрымаецца больш за 90% усіх беларусаў, якія вучацца за мяжой у межах еўрапейскага рэгіёну і Расіі.
Германія пры гэтым выглядае хутчэй стабільным, але не кірункам з ростам. У 2013 годзе там вучылася каля 1,9 тысячы беларускіх студэнтаў, да 2019 года колькасць знізілася да менш як 1,6 тысячы, а пасля 2020‑га пачала вельмі павольна расці — фактычна засталася на ўзроўні крыху вышэй за 1,6 тысячы.
То-бок палітычны крызіс у Беларусі і вайна ва Украіне не прывялі да масавага прарыву беларусаў у «старую Еўропу». Яны, хутчэй, паскорылі тое, што ўжо адбывалася: пераарыентацыю з Расіі на бліжэйшыя краіны ЕС.
Што будзе далей
Даследчыкі мяркуюць, што вялікая геаграфічная трансфармацыя ўжо адбылася. Агульны патэнцыял беларускага студэнцтва за мяжой у апошнія гады складаў каля 27 тысяч чалавек, і без новых вялікіх крызісаў гэтая лічба, хутчэй за ўсё, будзе стабілізавацца або паступова зніжацца.
Расія, верагодна, застанецца важным кірункам, але ўжо не як галоўны адукацыйны магніт для беларускіх сем’яў, а як рынак адносна простага і зразумелага дыплома, пераважна ў дыстанцыйных або змешаных фарматах. Еўропа ж будзе трымаць 60—70% беларускіх студэнтаў за мяжой — перадусім за кошт Польшчы, Літвы, Чэхіі і Германіі.
Самай уразлівай у вялікай пяцёрцы выглядае Літва: яе пазіцыя моцна залежыць ад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, яго статусу і еўрапейскай падтрымкі. Турцыя, наадварот, можа паступова стаць новым дадатковым кірункам, але далучэнне новых краін да лідараў з больш як тысячай беларускіх студэнтаў даследчыкі лічаць малаверагодным.