Не стала інстытута, які ствараў генпланы Мінска і вызначаў зялёныя зоны ў горадзе. Горадабудаўнікоў падпарадкавалі праекціроўшчыкам дарог і развязак
«Мінскграда», які вызначаў стратэгію развіцця двухмільённага горада на працягу амаль трыццаці гадоў, далучылі да «Мінскінжпраекта».
Абмеркаванне генеральнага плана Мінска ў 2015 годзе. Фота: greenbelarus.info
Актывісты раней ужо заўважалі, што горадабудаўнічыя дакументы, якія раней былі прэрагатывай спецыялізаванага інстытута «Мінскграда», апошнім часам выконваюць няпрофільныя праектныя арганізацыі.
Тлумачэнне прычыны можна знайсці ў абвестцы на сайце «Мінскграда», якая кажа, што згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 24 снежня 2025 года арганізацыя рэарганізуецца шляхам далучэння да «Мінскінжпраекта». Сам працэс зліцця юрыдычна мусіў завяршыцца яшчэ 23 красавіка 2026 года. А 1 мая — перастаць адкрывацца і сайт «Мінскграда» з яго архівам горадабудаўнічай дакументацыі па Мінску і ваколіцах, але пакуль гэтага не адбылося.
Надмагілле з гадамі існавання «Мінскграда» на сайце інстытута. Фота: minskgrado.by
Характэрна, што абвестку на сайце «Мінскграда» суправаджае малюнак надмагілля з выбітымі на ім датамі жыцця: 18.04.1996-18.04.2026. Горадабудаўнічы інстытут «памёр» на свой 30‑гадовы юбілей.
Гісторыя «Мінскграда» пачалася ў красавіку 1996 года, калі майстэрню генеральнага плана вывелі са складу магутнага «Мінскпраекта» і ператварылі ў асобнае прадпрыемства. Першапачаткова калектыў складаўся ўсяго з трох дзясяткаў архітэктараў, але з часам інстытут разросся да сотні супрацоўнікаў і некалькіх буйных майстэрняў.
Спецыялісты «Мінскграда» ўпершыню ў гісторыі горада распрацавалі выразныя рэгламенты для грамадскіх, жылых і ландшафтных тэрыторый, замяніўшы імі ранейшыя супярэчлівыя нарматывы савецкага часу.
Уваход у інстытут, які размяшчаўся ў доме на рагу Рэвалюцыйнай і Камсамольскай вуліц. Фота: Яндэкс Карты
За тры дзесяцігоддзі інстытут стварыў генеральныя планы сталіцы 2003, 2010, 2016 і 2025 гадоў, а таксама распрацаваў больш за сотню дэталёвых планаў для канкрэтных раёнаў. Менавіта тут праектавалі рэканструкцыю гістарычнага цэнтра Мінска і закладвалі горадабудаўнічыя абгрунтаванні для найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў, уключаючы шматфункцыянальны комплекс «Мінск-Свет».
Важнай часткай працы інстытута была дзейнасць ландшафтна-экалагічнага аддзела. Спецыялісты «Мінскграда» распрацавалі ўнікальную для краіны схему экалагічных калідораў Мінска, сутнасць якой палягала ў рэгуляванні вышыннасці забудовы такім чынам, каб не перакрываць натуральныя патокі ветру і ратаваць шчыльна забудаваны мегаполіс ад перагрэву і хімічнага смогу.
Акрамя таго, горадабудаўнікі ўпершыню стварылі схемы азелянёных тэрыторый агульнага карыстання для ўсіх раёнаў сталіцы, юрыдычна замацаваўшы межы існуючых і перспектыўных паркаў, сквераў і гарадскіх лясоў.
Яны ж распрацавалі схему ахоўных зон для асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і схему водна-зялёнага дыяметра, якая ўлічвала прыродны патэнцыял гарадскіх рэк і вадасховішчаў. На камп'ютарах інстытута ствараліся складаныя мадэлі прагнозу хімічнага і акустычнага забруджвання ад транспарту і прамысловасці для розных жылых раёнаў.
«Мінскінжпраект», які пры канцы 2024 года адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе, гістарычна займаўся праектаваннем выключна ўтылітарнай інфраструктуры. Яго калектыў з амаль чатырохсот чалавек спецыялізуецца на праектаванні вода-, цепла-, газа– і энергазабеспячэння, каналізацыі, дарог, мастоў і пуцеправодаў.
Наколькі захаваецца структура горадабудаўнічага прадпрыемства ў складзе іншага інстытута, пакуль невядома, як і тое, ці будзе камусьці справа да аэрацыі сталічнай забудовы і зялёных тэрыторый, калі асноўная задача цяпер стаіць будаваць аўтамабільныя дарогі і развязкі.