Лукашэнка абмеркаваў з Пуціным у Крамлі «паўтара пытання»
Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды 81‑й гадавіны перамогі над Германіяй і сустрэўся ў Крамлі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Падчас перамоў, як паведамляецца, Лукашэнка з Пуціным абмяркоўвалі двухбаковае супрацоўніцтва, сітуацыю ў рэгіёне і міжнародныя пытанні.
Пуцін адзначыў, што паміж Масквой і Мінскам заўсёды ёсць што абмеркаваць — ад сацыяльных пытанняў да эканамічнага супрацоўніцтва. Асобна ён падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі застаецца рэкордным, нягледзячы на санкцыі і знешні ціск. Паводле яго слоў, у расійскай эканоміцы цяпер назіраюцца «добрыя тэндэнцыі», якія ўплываюць і на партнёраў па Еўразійскім саюзе, асабліва на Беларусь.
У сваю чаргу Лукашэнка сказаў, што сур’ёзных спрэчак паміж Мінскам і Масквой няма. Ён адзначыў, што пры вялікім аб’ёме гандлю паміж краінамі дробныя пытанні ўзнікаюць заўсёды, але іх удаецца вырашаць у працоўным парадку. Для абмеркавання ж сёння ў іх з Пуціным ёсць «паўтара пытання».
Паводле прэс-службы Крамля, пасля афіцыйнай сустрэчы палітыкі працягнулі зносіны ў нефармальнай абстаноўцы падчас сумеснай вячэры.
Чытайце таксама:
Такаеў і Мірзіёеў усё ж прыедуць пацешыць Пуціна
«Дзіўнае жаданне ў гэтыя дні». Зяленскі не рэкамендуе замежным палітыкам ехаць 9 мая ў Маскву