БЕЛ Ł РУС

Мацкевіч лічыць, што Офіс Ціханоўскай падарваў свой аўтарытэт тым, што не ўдзельнічаў у яго гульні

9.05.2026 / 10:31

Вінцэсь Клепачэня

«Калі Бабарыка, Ягораў і Кныровіч падвысілі свой статус, то Ціханоўская і Вячорка яго трохі панізілі».

Святлана Ціханоўская і дарадца Офіса Франак Вячорка. 10 чэрвеня 2025. Фота Офіса Ціханоўскай

На мінулым тыдні філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у польскіх Татрах правёў арганізацыйна-дзейнасную гульню для беларускіх палітыкаў і актывістаў. На працягу пяці дзён каля 60 чалавек, па словах арганізатараў, праз канфлікт і калектыўнае мысленне выпрацоўвалі новыя падыходы да палітычных і грамадскіх праблем.

Офіс Святланы Ціханоўскай на гульні афіцыйна прадстаўлены не быў — ні самой Святланай Ціханоўскай, ні кімсьці з яе дарадцаў. Ціханоўская даслала 21‑хвіліннае відэавітанне, у якім акрэсліла шэсць праблем для абмеркавання. Не было і каманды Паўла Латушкі.

У інтэрв’ю «Еўрарадыё» гледачы пацікавіліся ў Уладзіміра Мацкевіча, як можна было працаваць без гэтых асноўных гульцоў?

«А хто сказаў, што яны асноўныя?» — парыраваў Мацкевіч.

Вядоўцы Марыі Вайтовіч давялося патлумачыць яму, што сёння Офіс Святланы Ціханоўскай прадстаўляе дэмакратычныя сілы, дэмакратычную Беларусь. «Яе ўспрымаюць як гульца на міжнароднай арэне, яе запрашаюць на важныя мерапрыемствы, з ёй нешта абмяркоўваюць. І, напэўна, шмат людзей успрымаюць Офіс як такую цэнтральную сілу».

«Ну я ж і кажу — пакуль. Пакуль яны на гэтым месцы, пакуль яны трымаюць павестку. І калі там пачынаеш паглыбляцца ў тое, што робіць Офіс, што робіць Святлана Ціханоўская… Яна трымае Беларусь у парадку дня. Яна дае не забываць сусветным лідарам пра тое, што мы ёсць і гэтак далей.

Калі мы капнем, а што ў гэтым сэнсе дыпламатычна-палітычна-стратэгічна зроблена, то там пачынаюцца розныя сумневы і недарэчнасці. І ці прывядзе тое, што робіць сёння Офіс, менавіта да нашага вяртання, да перамогі над рэжымам і гэтак далей?

І не адзін я кажу, што калі ўсё будзе ісці так, як яно зараз ідзе, то Святлану Ціханоўскую чакае лёс Івонкі Сурвілы. То-бок цалкам сімвалічная фігура, сімвалізм якой ніхто аспрэчваць не будзе. Але, не маючы ніякага ўплыву і ўлады, яна можа і надалей сустракацца з першымі асобамі дзяржаў, потым будзе сустракацца ўжо з другімі асобамі. А потым усё пойдзе да так званай народнай дыпламатыі», — спрагназаваў Мацкевіч.

«І ўсё ж такі іх не было, не было прадстаўніцтва, дарадцаў на гульні. Як бы…» — паспрабавала вядучая вярнуць філосафа да адказу па сутнасці пытання.

«Не было. І я гэта абмяркоўваў яшчэ да гульні, я ведаў гэта да гульні. Ну вось і казаў, што той, хто не ўдзельнічае, той прайграе.

Яны на гэтым трохі падарвалі свой аўтарытэт, трохі засталіся па-за тым новым бачаннем, якое набылі ўдзельнікі гульні… Гэта не параза, але ж пэўнае саступленне. І калі, скажам, Віктар Бабарыка, ці Андрэй Ягораў, ці Кныровіч прэтэндуюць на пэўнае падвышэнне свайго статусу і гэтак далей, то яны падвысілі свой статус. А вось Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка яго трохі панізілі.

І не я гэта рабіў, ведаеце, яны самі адмовіліся, і пра гэта было вядома таксама. А сімвалічны зварот праз відэа… Ну ведаеце, гэта «вясельны генерал».

«Гульні Уладзіміра Мацкевіча павышаюць статус новай палітычнай эліты Беларусі?» — рэзюмавала вядучая.

«Я думаю, што так» — адказаў філосаф.

Чытайце таксама:

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адно на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»

У Польшчы стартавала тая самая спрэчная «гульня Мацкевіча» для беларускіх палітыкаў і актывістаў

На «гульні Мацкевіча» не было Ціханоўскай, Латушкі, Ціханоўскага. Бабарыка і Калеснікава ад’язджалі, але вярнуліся

Каментары да артыкула