БЕЛ Ł РУС

Марына Золатава — ЗША, ЕС: Калі ласка, не спыняйцеся!

11.05.2026 / 10:36

Nashaniva.com

Экс-рэдактарка Tut.by і экс-палітзняволеная звярнулася ў сваім тэлеграм-канале да адміністрацыі ЗША і ўладаў краін ЕС.

Фота: Volha Shukaila SOPA Images LightRocket via Getty Images

«Мяне завуць Марына Золатава. 18 гадоў я была рэдактарам Tut.by, а чатыры з паловай гады правяла за кратамі. У снежні 2025 года мяне разам з іншымі палітвязнямі вывезлі з калоніі ў Гомелі. Цяпер я на волі, разам са сваёй сям’ёй. Але за гэтыя пяць месяцаў не было ні дня, каб я не ўспамінала пра тых, хто застаўся там.

Цяпер у Беларусі больш за 100 жанчын-палітвязняў.

Хтосьці апынуўся за кратамі праз свае перакананні, а хтосьці — увогуле выпадкова. Але цалкам дакладна ні першыя, ні другія не заслугоўваюць пакут, якія яны цяпер перажываюць.

Я бачу вочы гэтых жанчын. У іх — надзея, трывога, чаканне. Часам роспач, часам туга. Спробы трымацца бадзёра на людзях, калі сэрца разрываецца ад болю. Бо не ведаеш, калі ўбачыш блізкіх. А часам не ведаеш — ці ўбачыш увогуле.

Хтосьці з іх вядомы, пра іх успамінаюць часцей, але імёны большасці з іх вам нічога не скажуць. Дактары і медсёстры, настаўнікі, кухары, цырульнікі, юрысты, адвакаты, журналісты, студэнткі, спартсменкі, прадпрымальніцы, дзяржслужачыя, пенсіянеркі… Многія з іх за кратамі ўжо 4, а то і 5 гадоў. Іх трэба ратаваць. Тэрмінова.

Я ўдзячная спецыяльнаму пасланніку прэзідэнта ЗША Джону Коўлу і яго камандзе за тое, што дзякуючы іх намаганням за апошні год з беларускіх турмаў выйшлі сотні палітвязняў. Але рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, а ў турмы з-за палітыкі трапляюць усё новыя і новыя людзі. Няма нічога важнейшага за жыццё, здароўе і свабоду чалавека. Я звяртаюся да ўсіх, хто можа паўплываць на гэтую катастрафічную сітуацыю.

Я звяртаюся да амерыканскага боку: калі ласка, не спыняйцеся.

Я звяртаюся да ўладаў краін ЕС: ваш голас і ўдзел маюць велізарнае значэнне.

Нарэшце, я звяртаюся да ўладаў Беларусі: у вашых сілах спыніць гэта, прыйшоў час спыніць гэтыя рэпрэсіі. Нават не дзеля зняцця санкцый. Дзеля будучыні. Дзеля саміх сябе. Так больш не можа працягвацца.

Я таксама звяртаюся да ўсіх неабыякавых. Калі ласка, не маўчыце. Станьце голасам тых, хто сам не можа выступіць у сваю абарону. Размяшчайце пасты з хэштэгамі #яеёголос і #iamhervoice у сваіх сацыяльных сетках. Разам мы зможам змяніць сітуацыю».

Чытайце таксама:

Марфа Рабкова: Я дакладна ведаю, у чыіх сілах дапамагчы палітвязням вярнуцца ў свае сем’і, дамы, жыцці

Каментары да артыкула