У «айці-вёсцы» пад Мінскам прадалі асабняк за 3,6 млн даляраў. Гэта самы дарагі дом у краіне ў красавіку
Гэта — Смалявіцкі раён. Побач — траса на Маскву, Курган Славы і маляўнічыя лясы і азёры.
Вёска Сасновая, ілюстрацыйнае фота
У вёсцы Сасновая за 15 кіламетраў ад Мінска купілі катэдж за 3,6 мільёна даляраў. Ён стаў самым дарагім домам, прададзеным у Беларусі ў мінулым месяцы, піша Realt.by.
Вёска Сасновая размясцілася за 15 кіламетраў ад Мінска. Гэта — Смалявіцкі раён. Побач — траса на Маскву, Курган Славы і маляўнічыя лясы і азёры. У самой вёсцы працуе кавярня, аздараўленчы цэнтр і некалькі шынамантажоў. Крамы, школа, дзіцячы сад і іншую інфраструктуру можна знайсці ў суседняй Слабадзе і ў сталіцы.
Першапачаткова Сасновая была звычайнай вёскай, але ў 2010‑х тут пачалі будаваць вялікі катэджны пасёлак на 140 новых дамоў. Ён атрымаў назву «IT-вёска». Прыстаўка «айці» тлумачылася тым, што мэтавай аўдыторыяй забудоўшчыка сталі сем’і праграмістаў. З часам катэджы тут куплялі прадстаўнікі розных прафесій.
Ілюстрацыйнае фота
Менавіта ў новай частцы вёскі і знаходзіцца самы дарагі дом красавіка. Гэта цагляны катэдж 2018 года плошчай 591 квадратны метр. За дом недалёка ад Кургана Славы заплацілі 3,6 мільёна даляраў. Кошт за квадрат склаў 4397 даляраў.
Ілюстрацыйнае фота
Зараз на Realt.by прадаецца 8 дамоў у вёсцы Сасновай. Сярод варыянтаў ёсць як адносна сціплы «айцішны» дом за 420 тысяч рублёў (149 тысяч даляраў), так і раскошны асабняк за 11,7 мільёна рублёў (4,2 мільёна даляраў).