Вінаградаў расклаў па паліцах: што ў зняволенні рабіць нармальна, а што — ненармальна
Былы палітвязень Павел Вінаградаў напісаў пост, у якім закрануў балючыя і контраверсійныя пытанні: на што дапушчальна ісці за кратамі і на што не, што варта асуджэння і што не, і ці «пара браць вілы і запальваць паходні»?
Павел Вінаградаў у дзень выхаду з калоніі 11 верасня 2026 года. Фота: «Наша Ніва»
1. Калі вы напісалі прашэнне аб памілаванні — нічога страшнага. Ніхто пры цвярозым розуме вас за гэта не асудзіць. Імя там толькі ваша і подпіс там толькі ваш, а значыць і справа толькі ваша. Прынялі рашэнне такім чынам палегчыць жыццё сабе і сям'і — калі ласка.
Адзінае што, калі вы да адседкі ўдавалі з сябе глаўнюка, былі лідарам чагосьці там, сцвярджалі, што вы круты рэвалюцыянер, то таксама нічога страшнага. Проста вы ні першае, ні другое, ні трэцяе. Але я буду толькі рады, калі вы і далей будзеце дапамагаць і працаваць для Беларусі.
2. Калі вы запісалі губазіку відос — нічога страшнага. Там толькі вы, а значыць і справа толькі ваша.
Мяне бралі практычна далікатна. А камусьці не пашанцавала. Хацеў бы я сказаць, што я б усё роўна ні ў якіх парнухах бы не зняўся, але праўда ў тым, што я гэтага не ведаю. Мяне пакуль ні разу не зачынялі ў шафе, шчодра напырскаўшы туды перцавым балончыкам, не білі ноч у падвале «Амерыканкі» і не гвалтавалі ў крытай.
3. Калі вы зняліся ў нейкай прапагандысцкай херні — нічога страшнага, калі пасля вашых слоў ніхто не атрымаў тэрмін. Палічылі патрэбным такім чынам палегчыць сабе жыццё — толькі ваша справа.
Хацелася б мне, каб вы гэтага не рабілі? Хацелася б. Ці можна пасля гэтага ісці ў глаўнюкі — не. Глаўнюкамі павінны быць тыя, для каго Наша Справа важнейшая за асабісты камфорт і бяспеку. Але гэта не значыць, што вы дрэнныя людзі, і я, зноў жа, буду толькі рады, калі вы працягнеце працаваць для Беларусі.
4. Калі вы давалі паказанні на людзей падчас следства і/або супрацоўнічалі з адміністрацыяй калоніі — то ніхрэна гэта не «нічога страшнага». У першых трох пунктах вы рабілі горш/лепш (гледзячы з якога боку паглядзець) толькі сабе. Гэты пункт — наогул іншая справа.
Палягчаць сабе жыццё за кошт пагаршэння жыцця іншых — гэта ФУ-ФУ-ФУ! Мяне нельга пераканаць, што гэта нармальна. І ніякія «выжывалі як маглі» тут не пракацяць. Таму што пакуль пазаштатныя супрацоўнікі пазбягалі ізалятараў, тэлефанавалі і хадзілі на спатканні, тыя, на каго яны стукалі, мерзлі ў ШІЗА і нават атрымлівалі бонусныя крымінальныя справы.
Зараз будзе непрыемна, але, прыкладна, чвэрць палітычных супрацоўнічала. Строгі рэжым ці агульны — не важна. Я размаўляў з хлопцамі, і ва ўсіх карціна прыкладна аднолькавая. Выключэнне, напэўна, турэмны рэжым. Там кантынгент спецыфічны, таму і лічба меншая будзе. Як на жаночых зонах — не ведаю.
Ці значыць гэта, што пара браць вілы і запальваць паходні? Вядома, не. Я далёкі ад хрысціянства прыкладна так сама, як і ад здаровага ладу жыцця, але другога шанцу вартыя ўсе. Проста гэта не «нічога страшнага».
5. Калі вы адсядзелі і лічыце, што супрацоўнікі зон выдатныя хлопцы, але недзе вельмі глыбока ў душы, а твораць дзіч, бо зараз час такі — то вам трэба абнавіць у памяці сімптомы «стакгольмскага сіндрому» і, хутчэй за ўсё, пахадзіць да псіхатэрапеўта.
Ці ёсць там людзі? Ёсць. Ці дапамагалі яны мне, рызыкуючы, як мінімум, пагонамі? Так. Але такіх меншасць.
І я, як Паўлік Вінаградаў, цырульнік з Беразіна, — даўным-даўно ўсіх прабачыў. Не люблю насіць крыўды з сабой. Не вялікае гэта багацце, як казаў Лявонаў.
Але грамадзянін Рэспублікі Беларусь Павел Вінаградаў ведае, што калі за злачынствы не караць, то вялікая рызыка рэцыдыву і павелічэння іх колькасці. Гэты самы грамадзянін не жадае помсты. Ён практычны і стрыманы ў эмоцыях. Проста хоча жыць у краіне, дзе не бывае «часам не да законаў».
Чытайце таксама:
«Нашыя людзі сярод вертухаяў». Вінаградаў — пра чалавечнасць, якая існуе нават у зняволенні