Каардынацыйная рада не знайшла падстаў адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Sumsub
Выбарчая камісія па выбарах у Каардынацыйную раду пасля дадатковай праверкі не знайшла падстаў для спынення супрацоўніцтва з кампаніяй Sumsub, адказнай за верыфікацыю выбаршчыкаў, паведамілі ў прэс-службе Каардынацыйнай рады.
«Тэхнічная каманда пад кіраўніцтвам Паўла Лібера сумесна з прадстаўніцай Выбарчай камісіі Аленай Прыходзькай правяла дадатковую ацэнку рызык, звязаных з выкарыстаннем KYC-правайдара Sumsub, у сувязі з нядаўнімі грамадскімі абмеркаваннямі і публікацыямі ў СМІ.
У межах гэтай праверкі каманда вывучыла публічна даступную інфармацыю, афіцыйныя заявы кампаніі, яе практыкі ў галіне бяспекі і камплаенса, а таксама дадатковыя тлумачэнні, дадзеныя Sumsub. Па выніках ацэнкі не было выяўлена фактаў або абставін, якія патрабуюць спынення ці прыпынення супрацоўніцтва з кампаніяй», — гаворыцца ў заяве.
Таксама адзначаецца, што Sumsub працуе з тысячамі кліентаў ва ўсім свеце ў рэгуляваных галінах бізнэсу, выконвае міжнародныя стандарты абароны звестак і інфармацыйнай бяспекі, уключаючы патрабаванні GDPR, а таксама рэгулярна праходзіць незалежныя аўдыты ў галіне інфармацыйнай бяспекі і нарматыўнай адпаведнасці.
Урэшце канстатуецца, што выбары ў КР пройдуць у раней усталяваныя тэрміны, з 11 да 17 мая, галасаванне ўжо мела пачацца сёння а 22:00. Праўда, з нейкіх прычын ва ўстаноўлены час яно не стартавала.