БЕЛ Ł РУС

Праграмны дырэктар клуба «Валдай» папярэдзіў пра магчымасць вайсковага сутыкнення Расіі і Захаду

12.05.2026 / 10:03

Nashaniva.com

Вайна паміж Расіяй і Украінай мае шанцы перарасці ў сутыкненне з асобнымі заходнімі краінамі або з імі ўсімі адначасова, напісаў у калонцы для «Ведомостей» Іван Цімафееў, праграмны дырэктар дыскусійнага клуба «Валдай» і гендырэктар Расійскага савета міжнародных спраў, у лік заснавальнікаў якога ўваходзіць МЗС Расіі, піша «Агенцтва».

Цімафееў апісаў тры сцэнары развіцця эканамічнай канфрантацыі Расіі з Захадам у калонцы, апублікаванай пад загалоўкам «Санкцыі назаўсёды?». Ваенны канфлікт з асобнымі заходнімі краінамі або з усімі адразу, паводле слоў Цімафеева, — «больш радыкальны сцэнар» развіцця канфрантацыі.

Калі канфрантацыя паміж Расіяй і заходнімі краінамі перарасце ў вайсковае сутыкненне, як гаворыцца ў калонцы, «акрамя прамых вайсковых пагроз гэта прывядзе да канчатковага і поўнага разрыву эканамічных і гуманітарных адносін». Зараз тавараабарот Расіі з ЕС застаецца «ўражальным», піша Цімафееў. Паводле яго, ён складае каля 60 мільярдаў даляраў з тэндэнцыяй да зніжэння, хоць да пачатку расійскага ўварвання ва Украіну перавышаў 250 мільярдаў еўра.

Пакуль верагоднасць ваеннай эскалацыі Цімафееў ацэньвае як невысокую. «Надта вялікія рызыкі, у тым ліку з улікам магчымай перспектывы прымянення ядзернай зброі», — піша праграмны дырэктар клуба «Валдай».

Базавым сцэнаром Цімафееў назваў «паступовую эскалацыю» санкцый, гэта значыць пашырэнне абмежаванняў. Ключавую ролю ў гэтым, як гаворыцца ў калонцы, будзе адыгрываць ЕС, а «ЗША могуць вярнуцца да больш інтэнсіўнай санкцыйнай палітыкі пасля змены адміністрацыі або праз пагаршэнне перспектыў перамоў».

Больш пазітыўным сцэнаром, паводле слоў аўтара калонкі, можа стаць часовае прыпыненне канфлікту. Паводле Цімафеева, гэта «створыць крыху больш спрыяльнае асяроддзе для эканомікі». Пры гэтым аўтар выказаў сумнеў у магчымасці «вырашэння ўсяго комплексу праблем бяспекі ў Еўропе ў цяперашніх умовах» і ўстойлівасці «часовага дыпламатычнага рашэння».

Але нават дасягненне «палітычных дамоўленасцяў само па сабе не заўсёды прыводзіць да адмены або ўстойлівага змякчэння санкцый», гаворыцца ў калонцы. Таму, паводле Цімафеева, «найбольш разумнай для бізнесу нават пры з’яўленні больш спрыяльнага міжнароднага фону для знешняга гандлю» застаецца «стратэгія адаптацыі».

У сакавіку мінулага года на з’ездзе Расійскага саюза прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў Уладзімір Пуцін прапанаваў лічыць, што санкцыі супраць Расіі не будуць часовымі. «Санкцыі — гэта не часовыя, кропкавыя меры, гэта механізм сістэмнага, стратэгічнага ціску на нашу краіну», — казаў тады Пуцін.

Еўрапейскія краіны рыхтуюцца да магчымай ваеннай канфрантацыі з Расіяй праз некалькі гадоў пасля замарожвання вайны ва Украіне. У сакавіку 2025 года еўрапейскія краіны прадставілі план пераўзбраення да 2030 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула