БЕЛ Ł РУС

«Тут дзеці адчуваюць сябе як у Беларусі». Чэмпіён свету па самба Сцяпан Папоў адкрыў спартыўны клуб ва Уроцлаве

12.05.2026 / 13:22

Nashaniva.com

Чэмпіён свету па самба, пераможца Еўрапейскіх гульняў, уладальнік Кубка свету і міжнароднай узнагароды Fair Play Сцяпан Папоў выехаў з Беларусі ў 2021 годзе, каб «перазагрузіцца». Ён быў шчыра ўпэўнены: гэта часова. У эміграцыі чэмпіёну прыйшлося пачынаць з нуля: таксаваць, працаваць персанальным трэнерам і наноў шукаць глебу пад нагамі.

Сёння Сцяпан развівае ўласны спартовы клуб SP Club Wrocław, які ўжо прыносіць прыбытак. Для spravy.io ён расказаў гісторыю пра беларускую салідарнасць, выклікі эміграцыі, будоўлю беларускага месца ў Польшчы і крышачку пра штучны інтэлект.

«Прааналізаваў, што грошай трэба ўкласці шмат і адаб’ецца гэта не так хутка»

Для чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў спорту вышэйшых дасягненняў, эміграцыя стала сур’ёзным іспытам на трываласць. Шлях да ўласнага бізнэсу пачаўся не з Уроцлава. Сцяпан спачатку планаваў пабыць месяц у Турцыі — лічыў гэта добрым месцам, каб набрацца сілаў, але ў выніку пражыў там амаль паўгода.

Пасля пераехаў ва Украіну, акурат за два тыдні да пачатку поўнамаштабнай вайны. Прыйшлося зноў уцякаць ад небяспекі — гэтым разам у Польшчу. Уроцлаў выбраў свядома: старэйшая дачка хацела паступаць у Чэхію, а гэты горад як раз блізка да мяжы.

Сцяпан не хавае: першы час было няпроста праз стан нявызначанасці.

— Я працаваў персанальным трэнерам, таксаваў, але не адчуваў нейкай стабільнасці. Здаецца, вось ты ў Польшчы, ты ў бяспецы, але неяк зацягнуўся мой ад’езд з Беларусі. Вяртанне дадому — пакуль невядома калі. І вось я быў у нейкай завіслай прасторы: рабіў праекты, арганізоўваў турніры па валейболе, два фестывалі, дзіцячыя лагеры, спаборніцтвы… Але ўвесь час было пачуццё, што гэта часова.

Усё змянілася раптоўна. Знаёмая Сцяпана, якая кіравала спартовай заляй, вырашыла прадаць свой бізнэс, і папрасіла ў гэтым дапамагчы.

— Гэта быў зал функцыянальных трэніровак (TRX, кросфіт) у арэндаваным будынку. Не мая тэматыка, займацца гэтым я не хацеў, але потым задумаўся: а што, калі зрабіць тут залу адзінаборстваў?

Сцяпан пачаў апытваць знаёмых барцоў, пралічваць магчымасці і зрэшты рашыўся зрабіць тут месца можа і для прыпынку, але ўжо больш сталага:

— Прааналізаваў, што грошай трэба ўкласці шмат і адаб’ецца гэта не так хутка, але гэта будзе магчымасць развівацца далей. На той момант я быў упэўнены, што беларуская суполка дапаможа мне з першымі кліентамі, а сябры і знаёмыя — з перабудовай залы.

«Я проста з ChatGPT згенераваў ідэю інтэр’еру»

Сцяпан адразу зразумеў: калі рабіць усё «паводле прайсу», бізнэс можа не вытрымаць нагрузкі. Вялікіх выдаткаў патрабавала бяспека: сцены трэба было абшыць спецыяльнымі матамі, і толькі гэтыя працы па рыначных расцэнках каштавалі каля 40 тысяч злотых.

Далей — падрыхтоўка пад пафарбоўку і шмат іншых складаных тэхналагічных працэсаў, і ўсё гэта — выдаткі. Плюс нават падчас рамонту неабходна было плаціць за арэнду памяшкання. Але тут спрацавала беларуская салідарнасць і папярэдняе валанцёрства чэмпіёна свету ў шматлікіх ініцыятывах у Польшчы. У выніку выдаткі ўдалося скараціць у 4—5 разоў.

— Тут шмат нашых беларусаў, — расказвае Сцяпан. — Адзін займаецца металічнымі вырабамі — ён па праекце ўсё зрабіў, мы прывезлі і самі ўсталёўвалі гэтыя канструкцыі. Дзяўчына займаецца тапіцеркай (абіўкай скурай) — яна знайшла нам танную скуру ў добрай якасці, дала свае інструменты, і мы зрабілі ўсё за вельмі добрую цану. Хлопец-беларус, які працуе тут на будоўлі, рыхтаваў сцены пад пафарбоўку і наогул грошай не ўзяў.

Інтэр’ер залы заснавальнік клубу прыдумаў сам з дапамогай штучнага інтэлекту, а рэалізавала ідэю знаёмая мастачка-ўкраінка Настасся.

— Я проста з ChatGPT згенераваў ідэю, — усміхаецца Сцяпан. — А мастачка ўжо дапрацавала яе пад нашы калоны і аркі. Яна літаральна жыла ў залі. Я праязджаю міма ўначы — гляджу, яна малюе самурая, а побач спальнік ляжыць. Цяпер да гэтай сценкі нікога не хочацца падпускаць — столькі тут сіл аддадзена.

Па словах Сцяпана, такая падтрымка не была выпадковай, а стала вынікам яго папярэдняй працы па аб’яднанні суполкі:

— Я рабіў для беларусаў мерапрыемствы, арганізоўваў іх, і вось яны адгукнуліся. І людзі працягваюць нагадваць: калі табе трэба дапамога — то тэлефануй. Тут усё зроблена рукамі добрых знаёмых — беларусаў і ўкраінцаў.

«Дзеці вельмі стамляюцца ад замежнай мовы ў школах і садках»

Цяпер у клубе Сцяпана ўжо каля 70 дзяцей. Гэта добры вынік для залы, якая адкрылася толькі ў снежні мінулага года і не ў «сезон набору». Для многіх бацькоў-эмігрантаў гэта месца стала выратаваннем, бо тут вырашаецца не толькі пытанне фізічнай формы, але і псіхалагічнага камфорту.

— Гэтая зала — як быццам ты жывеш у Беларусі. Ты прыходзіш — тут усе свае, размаўляеш на сваёй мове, — тлумачыць Сцяпан. — Дзеці вельмі стамляюцца ад замежнай мовы ў школах і садках. Ім патрабуецца асяроддзе, дзе яны могуць проста расслабіць галаву і займацца чым падабаецца. У нас такі беларуска-ўкраінска-польскі асяродак, і дзецям тут максімальна спакойна.

Зала стала важным пунктам на карце не толькі для мясцовых: нядаўна праз Уроцлаў на спаборніцтвы ў Францыю ехала дэлегацыя з Украіны — 70 дзяцей з кіеўскага клуба чэмпіёна свету, прэзідэнта Федэрацыі дзюдо Кіева і дэпутата Георгія Зантарая. Украінскія спартсмены заехалі на трэніроўку менавіта ў залу Сцяпана Папова.

— Мы, беларусы і ўкраінцы, вельмі добра сябруем у спорце, — кажа Сцяпан. — Для нас было гонарам прыняць каманду такога ўзроўню. Георгій Зантарая — чалавек-легенда: чэмпіён свету і Еўропы, галава камісіі атлетаў НОК Украіны. Я вельмі рады нашаму знаёмству і таму, што ён звярнуўся менавіта да мяне, каб мы ў сваёй залі прынялі яго каманду — што я з вялікім задавальненнем і зрабіў. Тое, што яны выбралі нас для падрыхтоўкі, паказвае, што мы ствараем правільную атмасферу.

Заснавальнік клубу застаецца верным чэмпіёнскаму падыходу. Ён стварыў асаблівую сістэму — «Select Team». Гэта група для тых дзяцей, якія самі матываваныя працаваць на вынік. У іх ёсць магчымасць знаходзіцца тут хоць шэсць дзён на тыдзень. На дзіцячых групах часта працуюць адразу два трэнеры сусветнага ўзроўню — Сцяпан і яго калега Дзмітрый, таксама чэмпіён свету па самба.

Сцяпан цвяроза глядзіць на рэчы і падзяляе выхаванне будучых чэмпіёнаў і звычайныя заняткі:

— Ёсць дзеці, якія нацэлены на вынік. Вось адзін хлопчык прыйшоў: ручкі тоненькія, ад прыроды дадзеных ніякіх. Але сам працуе, вочы гараць. Упэўнены, што з яго будзе толк — ён ужо пяць разоў падцягваецца. А ёсць тыя, каго бацькі возяць прымусова. Для іх ёсць асобная група, яны там больш гуляюць. Такія групы таксама патрэбныя — яны закрываюць камерцыйны бок, каб мы маглі плациць арэнду.

«Мне трэба, каб усё працавала ідэальна, бо гэта больш чым проста бізнэс»

Сцяпан Папоў працягвае быць «гуляючым трэнерам». Нават запусціўшы бізнэс, ён застаецца ў тым ліку і дзейным спартсменам. Цяпер яго новы выклік — бразільскае джыу-джытсу (BJJ).

— Мне летам будзе 42 гады. У звычайным спорце ты ў 32 ужо «дзед», але бразільскае джыу-джытсу дазваляе выступаць у любым узросце, — тлумачыць Сцяпан. — Тут я бачу людзей па 65 гадоў з такім прэсам! Яны пластычныя і тэхнічныя. Гэта падаўжае маладосць і натхняе мяне.

Зараз у Сцяпана новая спартыўная мэта — дайсці да чорнага пояса ў гэтым напрамку барацьбы і аматарскага ўзроўню чэмпіёну не дастаткова:

— Хачу быць канкурэнтаздольным з людзьмі, якія ўсё жыццё займаюцца менавіта гэтым. Хачу, каб я, як чалавек, які ўсё жыццё быў у самба, мог перамагаць па іх правілах. Я б вельмі хацеў з’ездзіць у Амерыку на чэмпіянат свету, але гэта віза, кошты, і трэба сур’ёзна рыхтаваць форму.

Але пакуль Амерыка недзе ў новых мэтах, штодзённая рэальнасць Сцяпана — гэта яго зала ва Уроцлаве, дзе чэмпіёнскі характар праяўляецца ў кожнай дробязі. Сцяпан не хавае, што ён педантычны ў пытаннях парадку:

— Усіх тут ганяю за тэпці, за пыл. Мне трэба, каб усё працавала ідэальна, бо гэта больш чым проста бізнэс. Нават калі ты трэніраваў да ночы, ты ўсё роўна можаш прыйсці а чацвёртай раніцы, каб падмесці і ўсё праверыць. Гэта маё месца, я тут за кожны кут адказваю.

На пытанне, дзе ён бярэ натхненне і сілы, адказвае — у грамадскіх праектах:

— Новая праца, новыя ідэі. Я такі чалавек, што калі ўжо бяруся, то хачу зрабіць максімальна якасна. Не спаборніцтвы дзеля спаборніцтваў, а ўзаемапатрымлівальны спартыўны фестываль. Не магу інакш, і менавіта так перазаражаюся.

План на будучыню: велапаркоўка, тры сцягі і фэйрплэйны гномік-барэц

Многія здзіўляюцца, што бізнэс-пачатковец у Польшчы змог так хутка «ўзляцець»: зала, якая адкрылася ўсяго паўгода таму, ужо прыносіць прыбытак. З чорных сцен былога памяшкання яна ператварылася ў цэнтр беларускай супольнасці.

— Ці складана было? Я паставіў мэту і ішоў да яе, — кажа Сцяпан. — Бывае, да ночы трэніруеш, раніцай запускаеш будаўнікоў, а потым трэба зноў за імі ўсё прыбраць да стэрыльнага стану, каб дзеці змаглі спакойна босымі трэніравацца.

Планаў наперадзе шмат: дамаляваць інтэр’ер, зрабіць велапаркоўку, давесці да ладу масажны кабінет. Абавязкова — павесіць тры сцягі: беларускі, украінскі і польскі. Але Сцяпан глядзіць шырэй: ён хоча паставіць праектар, глядзець фільмы, ладзіць беларускія танцы ці зумбу.

— Зала працуе 24 гадзіны, тут можна нават дыскатэкі ладзіць! — загараецца беларус, але тут жа пераходзіць да разважанняў пра будучыню: — Мне цікава: ці адаптуемся мы настолькі, што праз нейкі час станем палякамі? Ці нешта зменіцца і частка вернецца? Гэтая зала — як быццам ты жывеш у Беларусі. Быццам бы культура нашая тут захоўваецца.

Нават сімвал горада — знакамітага ўроцлаўскага гноміка — Сцяпан, калі ўжо марыць, то хацеў бы зрабіць асаблівым. Гэта павінен быць барэц, які выносіць на плячах іншага барца — напамін пра ўласны ўчынак Сцяпана, калі ён вынес з дывана траўмаванага спаборніка і атрымаў сусветную ўзнагароду Fair Play.

— Мы стварылі тут сваю суполку. Людзі матывуюцца, я сам матывуюся, стаўлю сабе новыя выклікі. Беларусы і беларускі прыходзяць, п’юць каву, размаўляюць — тут усе свае. Гэта і ёсць галоўны вынік.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула