БЕЛ Ł РУС

Беларуска кажа, што яе мужа-небараку ў Лёзне скралі армяне і прадалі ў штурмавікі ў расійскую армію. Той, напэўна, ужо труп

12.05.2026 / 18:17

Nashaniva.com

Аксана Анціпенка з Лёзна шукае свайго сужыцеля, які трапіў у расійскія штурмавікі пры неверагодных абставінах. «Прыехалі двое армян са Смаленска да знаёмага, паклікалі нашага выпіць, той выйшаў — і больш не прыйшоў! Прымусам вывезлі і прадалі ў вайсковую часць у штурмавікі!», — плача Аксана і сцвярджае, што справай займаецца Следчы камітэт. 

«Нашай Ніве» стала вядомая гісторыя 48‑гадовага рознарабочага з Лёзна Яўгена Сіманенкава. 

Па словах яго сужыцелькі Аксаны Анціпенкі, Сіманенкаў трапіў у штурмавое падраздзяленне расійскай арміі напачатку 2026 года пры загадкавых абставінах. 

Апошняе фота Сіманенкава, якое той даслаў сваякам. Недзе ва ўкраінскім стэпе ў форме расійскай арміі. Фота з архіва Аксаны Анціпенкі.

«Прыехалі ў Беларусь двое армян, браты са Смаленска, да свайго знаёмага. Той знаёмы паклікаў нашага на вуліцу для распіцця спітных напояў. Выйшаў і больш не прыйшоў! Вынік: пазваніў і паведаміў, што падпісаў кантракт у Смаленску пад пагрозай расстрэлу. Медкамісію не праходзіў, павезлі ў Варонеж пад наглядам, банкаўскія карткі і сім-картку, на які зарэгістраваны мабільны банкінг, адабралі гэтыя ж армяне. І так імі быў вывезены не толькі наш баец. У гэты час Следчы камітэт расследуе гэтую справу. Вельмі спадзяюся, што вінаватых пакараюць!», — сцвярджае Аксана Анціпенка.

Яўген Сіманенкаў справа. Фота: Аднакласнікі

У гэты момант яна спрабуе высветліць гаротны лёс свайго сужыцеля. Выкралі яго напрыканцы лютага, у сакавіку ён ужо трапіў у в/ч 31985, атрымаў пазыўны Сімон, а ў пачатку красавіка пайшоў на баявое заданне і перастаў выходзіць на сувязь.

У сацыяльныя сеткі Яўген апошні раз заходзіў 3 красавіка 2026 года.

Па інфармацыі з баз Belpol вядома, што Яўген займаўся некваліфікаванай працай. Рабіў вальшчыкам лесу, разнарабочым, будаўніком.

У 2004 годзе Сіманенкаў пабіў свайго сабутыльніка так, што той памёр.

У Яўгена ёсць 25‑гадовы сын ад іншай жанчыны, але лёзненец паслядоўна ўхіляўся ад выплаты аліментаў, бо не мог знайсці ў Беларусі працу. Ездзіў перабівацца на будаўнічыя вахты ў Расію. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула