БЕЛ Ł РУС

Віягра можа стаць паратункам і для жанчын — але ў іншай праблеме, лічаць навукоўцы

26.05.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Віягру выкарыстоўваюць не толькі для паляпшэння мужчынскай патэнцыі.

Ілюстрацыйны малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

За апошнія гады даследчыкі выявілі, што прэпарат і яго дзеючае рэчыва сілдэнафіл можа зніжаць рызыку сардэчных захворванняў, інсульту і дыябету, а таксама выкарыстоўвацца пры лячэнні павялічанай прастаты.

Цяпер навукоўцы звярнулі ўвагу і на праблему, з якой сутыкаецца велізарная колькасць жанчын, — дысменарэю, або балючую менструацыю. Гаворка ідзе не проста пра дыскамфорт, а пра моцныя болі ўнізе жывата і тазавай вобласці, якія могуць аддаваць у спіну і сцёгны. Частку жанчын падчас менструацыі таксама мучаць млоснасць, ваніты, дыярэя, галаўны боль, стомленасць, нервовасць і галавакружэнне.

Сёння асноўнымі метадамі барацьбы з дысменарэяй застаюцца гарманальная кантрацэпцыя, безрэцэптурныя абязбольвальныя накшталт нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў, а таксама хатнія сродкі — напрыклад, грэлка. Але яны дапамагаюць не ўсім.

У цяжкіх выпадках жанчыны часам вымушаныя ісці на гістэрэктамію — аперацыю па выдаленні маткі. Такая працэдура цалкам спыняе менструацыі, але разам з гэтым пазбаўляе магчымасці мець дзяцей.

Выданне The New York Post звярнула ўвагу на даследаванне, праведзенае вучонымі з Харватыі. У эксперыменце ўдзельнічалі жанчыны ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, якія пакутавалі ад умеранай або моцнай дысменарэі.

У папярэдніх даследаваннях ужо вывучаўся ўплыў віягры на інтэнсіўнасць менструальных боляў. Навукоўцы выявілі, што прэпарат можа палягчаць боль у вобласці таза. Аднак пры прыёме таблетак унутр у многіх жанчын узнікалі пабочныя эфекты — найчасцей галаўны боль. Таму даследчыкі вырашылі паспрабаваць іншы спосаб і ўводзілі разавую дозу ў 100 міліграмаў вагінальна.

Як адзначалі аўтары артыкула, апублікаванага ў часопісе Human Reproduction, такі спосаб увядзення вельмі эфектыўны для прэпаратаў мясцовага дзеяння. Калі лекі трапляюць блізка да патрэбнага органа, гэта дапамагае паменшыць пабочныя эфекты. Сярод галоўных пераваг такога спосабу — добрае кровазабеспячэнне і тое, што прэпарат не праходзіць спачатку праз печань.

Вынікі абнадзейвалі. У жанчын, якія атрымлівалі сілдэнафіл, адзначалася змяншэнне болю і паляпшэнне крывацёку падчас менструальнага цыклу. Пры гэтым даследчыкі не зафіксавалі сур’ёзных пабочных эфектаў.

Аднак даследаванне так і не ўдалося давесці да паўнавартаснага завяршэння. У ім узялі ўдзел толькі 25 жанчын: 13 атрымалі прэпарат, астатнія — плацэба. Навукоўцам не хапіла ўдзельніц, а пазней праект страціў фінансаванне. Акрамя таго, аўтары даследавання прызналі, што чатырохгадзіннае назіранне за пацыенткамі магло быць занадта кароткім, каб ацаніць поўны эфект прэпарата.

Праблемы з фінансаваннем сталі не адзінай перашкодай. Даследчыкі паведамлялі, што грантавыя заяўкі на вывучэнне перадменструальнага сіндрому і менструальнага болю адхіляліся праз меркаванне, што такія праблемы нібыта перабольшаныя або недастаткова значныя для сур’ёзнай навукі.

Тым не менш цікавасць да тэмы не знікла. У мінулым месяцы ў амерыканскім дзяржаўным рэестры клінічных даследаванняў ClinicalTrials.gov, дзе публікуецца інфармацыя пра медыцынскія эксперыменты з усяго свету, з’явіліся звесткі пра новае даследаванне, якое плануюць правесці вучоныя з Чыкага (ЗША).

Яны хочуць праверыць, ці сапраўды вагінальна ўведзены сілдэнафіл здольны памяншаць празмерныя скарачэнні маткі і палягчаць боль падчас менструацыі. Пакуль што даследчыкі толькі рыхтуюцца да набору ўдзельніц, але сам факт запуску новага клінічнага выпрабавання сведчыць, што ідэю не пакінулі.

Чытайце таксама:

Выявілася, што некаторыя фізічныя нагрузкі такія ж эфектыўныя, як віягра

Даследчыкі выявілі яшчэ адзін карысны эфект ад «Віягры» 

Калі не віягра, то што? 

Віягра, суперклей і антыбіётык: топ-7 рэчаў, якія былі вынайдзеныя абсалютна выпадкова

Каментары да артыкула