ЗША ўжо патрацілі на вайну ў Іране 29 мільярдаў даляраў
У Пентагоне паведамілі, што выдаткі ЗША на вайну супраць Ірана ўжо наблізіліся да 29 мільярдаў далаяраў. Пра гэта амерыканскія чыноўнікі заявілі падчас бюджэтных слуханняў у Кангрэсе.
Піт Хегсэт. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
На слуханнях выступалі міністр абароны ЗША Піт Хегсэт, кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Дэн Кейн і фінансавы кіраўнік Пентагона Джулс Херст. Яны абмяркоўвалі новы вайсковы бюджэт ЗША на 2027 год, які плануецца на ўзроўні 1,5 трыльёна даляраў.
Раней, у красавіку, Пентагон ацэньваў кошт вайны ў 25 мільярдаў долараў, але цяпер сума павялічылася амаль да 29 мільярдаў. Паводле прадстаўнікоў ведамства, рост выдаткаў звязаны з рамонтам і заменай тэхнікі, выкарыстаннем боепрыпасаў і агульнымі аперацыйнымі расходамі.
Падчас слуханняў заканадаўцы патрабавалі ад адміністрацыі ЗША больш дакладнай справаздачнасці пра рэальныя выдаткі і мэты вайны. Аднак Хегсэт не назваў тэрмінаў, калі Кангрэс атрымае поўную фінансавую справаздачу. Ён толькі адзначыў, што Белы дом будзе звяртацца па дадатковае фінансаванне асобна ад асноўнага вайсковага бюджэту.
Асобна абмяркоўвалася праблема запасаў амерыканскіх боепрыпасаў. Некаторыя кангрэсмены-дэмакраты сцвярджаюць, што з-за вайны значна скараціліся запасы ракет Tomahawk, сістэм Patriot і іншых сучасных узбраенняў, а іх аднаўленне можа заняць гады. На іх думку, гэта можа аслабіць гатоўнасць ЗША да магчымага канфлікту з Кітаем.
Міністр абароны, аднак, адхіліў гэтыя асцярогі і заявіў, што сітуацыя з боепрыпасамі не крытычная, а ЗША маюць дастаткова неабходных рэсурсаў.
Чытайце таксама:
Трамп губляе цярпенне і разглядае магчымасць аднаўлення вайны з Іранам
Трамп назваў перамір’е з Іранам «адным з самых слабых», а іранцы даслалі яму «кавалак смецця»
Для вайны з Іранам Ізраіль стварыў сакрэтную базу ў Іраку