БЕЛ Ł РУС

Турцыя аб'явіла пра адмену абмежаванняў на прамы гандаль з Арменіяй

13.05.2026 / 16:15

Nashaniva.com

Турцыя аб'явіла, што адмяняе абмежаванні на прамыя гандлёвыя кантакты з Арменіяй. У Ерэване гэтае рашэнне віталі і назвалі важным крокам у нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган 6 кастрычніка 2022 года. Фота: Turkish Presidency via AP, File

Прадстаўнік турэцкага МЗС паведаміў, што ўсе бюракратычныя працэдуры для запуску прамога гандлю былі завершаныя 11 мая 2026 года. Паводле яго слоў, гэта робіцца ў межах працэсу паляпшэння адносін паміж Турцыяй і Арменіяй, які працягваецца з 2022 года. Таксама Анкара заявіла, што працягвае працу над адкрыццём агульнай мяжы.

Армянскі бок станоўча ацаніў гэты крок. Прэс-сакратарка МЗС Арменіі Ані Бадалян адзначыла, што рашэнне дапаможа пашырыць эканамічныя і дзелавыя сувязі, а таксама будзе спрыяць развіццю рэгіёна і ўмацаванню міру. Яна дадала, што лагічным працягам магло б стаць адкрыццё мяжы і ўсталяванне дыпламатычных адносін паміж краінамі.

Навіна стала вядомай яшчэ напярэдадні, калі журналісты выпадкова пачулі размову міністра замежных спраў Арменіі з прэм’ер-міністрам Ніколам Пашынянам. Міністр шэптам паведаміў, што Турцыя «сёння адкрывае» новыя магчымасці для гандлю.

Пазней Пашынян растлумачыў, што раней армянскія кампаніі не маглі афіцыйна пазначаць Арменію як краіну-імпарцёра турэцкіх тавараў. Таму прадукцыю даводзілася завозіць праз трэція краіны. Цяпер гэтае абмежаванне адмяняецца, што спросціць прамы гандаль паміж дзяржавамі.

Нядаўна прадстаўнікі Арменіі і Турцыі таксама сустрэліся на міжнародным саміце ў Ерэване, дзе дамовіліся пра аднаўленне гістарычнага моста Ані на сумеснай мяжы.

Пры гэтым паміж Арменіяй і Турцыяй да гэтага часу няма афіцыйных дыпламатычных адносін, а мяжа застаецца закрытай з 1993 года з-за карабахскага канфлікту. З 2022 года краіны паступова вядуць перамовы пра нармалізацыю адносін і частковае адкрыццё мяжы.

Чытайце таксама:

Пашынян не паездзе на найбліжэйшы саміт ЕАЭС

Пуцін заявіў, што вайна ва Украіне «блізкая да завяршэння», і хоча, каб перамоўнікам быў Шродэр

Пашынян адмовіўся прысутнічаць на парадзе ў Маскве

Пашынян паскардзіўся кіраўніцтву ЕС на гібрыдныя пагрозы

На саміце ў Арменіі Ільхам Аліеў моцна паспрачаўся са старшынёй Еўрапарламента

Каментары да артыкула