БЕЛ Ł РУС

Суд Еўрасаюза адмяніў санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева

13.05.2026 / 20:02

Nashaniva.com

Суд Еўрасаюза задаволіў пазоў расійскага бізнэсмена Міхаіла Гуцэрыева і ануляваў санкцыі ЕС, уведзеныя супраць яго яшчэ ў 2021 годзе за супрацу з рэжымам Лукашэнкі. Цяпер высветлілася, што гэтай супрацы ўжо няма.

Фота: t.me/gomel_region_gov

Рашэнне было прынята 13 мая. У ім адзначаецца, што яшчэ ў 2021 годзе Рада ЕС уключыла Гуцэрыева ў санкцыйны спіс, палічыўшы яго ўплывовым расійскім бізнэсменам з інтарэсамі ў Беларусі і блізкімі адносінамі з беларускімі ўладамі.

У ЕС сцвярджалі, што Гуцэрыеў меў бізнэс у сферах энергетыкі, калійнай прамысловасці і нерухомасці, а таксама падтрымліваў Лукашэнку падчас энергетычнага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй у 2020 годзе. У прыватнасці, згадваліся кампанія «Слаўкалій», гасцініца Renaissance у Мінску, бізнэс-цэнтр і аб’екты ў мінскім аэрапорце.

Аднак у судзе бізнэсмен заявіў, што яшчэ з 2022 года больш не мае дзелавых інтарэсаў у Беларусі. Ён паведаміў, што страціў кантроль над праектам Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната, больш не валодае мінскімі актывамі і выйшаў з кіраўніцтва шэрагу кампаній.

Гуцэрыеў таксама адмаўляў наяўнасць асаблівых адносін з Лукашэнкам, называючы яго толькі знаёмым. Паводле яго слоў, кантакты з беларускімі ўладамі былі выключна дзелавымі і неабходнымі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

У выніку суд прыйшоў да высновы, што Рада ЕС не змагла даказаць, што на момант падаўжэння санкцый бізнэсмен па-ранейшаму падтрымліваў беларускія ўлады або атрымліваў выгаду ад сувязяў з імі.

У выніку рашэнне аб санкцыях было адменена, а Раду ЕС абавязалі аплаціць судовыя выдаткі Гуцэрыева.

Нядаўна стала вядома, што Міхаіл Гуцэрыеў збіраецца прыйсці ў беларускую сельскую гаспадарку. Падчас ягонай нядаўняй сустрэчы са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко абмяркоўвалася «пытанне выдзялення сельскагаспадарчых зямель для развіцця аграрнага бізнэсу». Акрамя таго, Крупко і Гуцэрыеў «гаварылі пра ўкладанне інвестыцый у аграпрамысловы комплекс і развіццё фермерскіх гаспадарак».

Чытайце таксама:

Міхаіл Гуцэрыеў збіраецца прыйсці ў беларускую сельскую гаспадарку

Алігарх Гуцэрыеў расказаў, як расчараваўся ў Захадзе: Пасля 2022 года я нібыта зняў шоры з сябе

Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў

Гуцэрыеў хацеў здаць Лукашэнку і Пуціна амерыканцам. У абмен на зняцце санкцый

Каментары да артыкула