БЕЛ Ł РУС

Беларусы іранізуюць з інтэрв’ю былога кіраўніка польскай разведкі

14.05.2026 / 16:23

Вінцэсь Клепачэня

Пётр Краўчык заявіў, што Лукашэнка — гарант незалежнасці Беларусі і з ім трэба дамаўляцца. Ён таксама задаўся пытаннем, ці не працаваў канал Nexta на Расію. І распавёў, што яму казаў кіраўнік беларускага КДБ у 2019-м.

Пётр Краўчык. Скрын відэа: kotwarty / YouTube

Палкоўнік Пётр Краўчык, які з 2016 да 2022 года ўзначальваў польскае Агенцтва разведкі (Agencja Wywiadu, AW), нядаўна запусціў на адным з польскіх ютуб-каналаў уласны блог «Сёмы паверх». Першы выпуск быў прысвечаны Беларусі.

У самым пачатку Краўчык заявіў, што вызваленне Анджэя Пачобута «ўпісваецца ў вельмі доўгую, ужо больш чым дзесяцігадовую гісторыю намаганняў, якія Польшча разам са сваімі саюзнікамі прыкладала для таго, каб павялічыць поле манеўру Мінска ў адносінах да Расіі».

Былы кіраўнік польскай разведкі даводзіць, што пачатак працэсу сягае ў 2010 год, калі былы міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі разам з тагачасным кіраўніком польскай разведкі генералам Мацеем Гуняй «ажыццяўлялі розныя дзеянні, якія павінны былі прывесці да пашырэння беларускай суверэннасці, каб яна хоць у нейкай ступені стала крыху большай у адносінах да Расіі».

Праўда, намаганні «не прынеслі поўнага поспеху» ў першыя гады. Сітуацыя, паводле палкоўніка, змянілася пасля 2016 года, калі Расія ўвяла падатковы манеўр, што прывяло да росту цэн на вуглевадароды для Беларусі.

Па яго словах, з 2017 года кіраўніцтва Беларусі «пачало ўсё больш адкрывацца на кантакты з Захадам, у тым ліку таксама з Польшчай». Да дыялогу ў 2017—2018 гадах удалося далучыць і ЗША.

«Беларусь — гэта суверэнная дзяржава, незалежна ад таго, што прэзідэнт Лукашэнка, які цяпер гарантуе гэтую суверэннасць, выкарыстоўвае яе для ўмацавання сваёй уласнай пазіцыі і, вядома, для ўзбагачэння людзей вакол сябе. Але ўсё ж менавіта прэзідэнт Лукашэнка, незалежна ад таго, што мы пра яго думаем і як да яго ставімся, ёсць гарантам беларускай суверэннасці ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер», —

выказвае сваё меркаванне палкоўнік і пералічвае факты, якія, на яго думку, сведчаць пра тое, што Беларусь некалькі гадоў да выбараў 2020 года рэальна рухалася на Захад.

Напрыклад, у лютым 2020 года кіраўнік КДБ Валер Вакульчык наведаў Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы. А ў чэрвені і ліпені 2020‑га адбыліся пастаўкі дзвюх партый амерыканскай нафты ў Беларусь праз Клайпеду, у якіх брала ўдзел і польская кампанія Unimot.

«Дзякуючы гэтай нафце мы стваралі перспектыву, пры якой Беларусь магла б стаць менш залежнай ад расійскай нафты», — даводзіць Краўчык.

Выбары 2020-га

Аднак, паводле палкоўніка, «наступілі выбары жніўня 2020-га», якія «Лукашэнка мог выйграць без фальсіфікацый, вядома, на значна ніжэйшым узроўні». Але «пасля выбараў на вуліцы беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак выйшлі сотні тысяч людзей». У выніку ў Беларусі «дыялог з Захадам абрынуўся і ўся дынаміка цалкам змянілася». За пратэстамі, як сцвярджае Краўчык, стаяла Расія.

«Хачу, каб вы разумелі: беларусы, з якімі мы кантактавалі ў 2019 годзе і раней, ужо ў сакавіку 2019 года ведалі, што расіяне будуць імкнуцца сарваць гэты дыялог паміж Беларуссю і Захадам.

У сакавіку 2019 года мой беларускі калега, кіраўнік КДБ, адкрыта казаў, што, паводле іх ацэнак, расіяне рыхтуюцца да таго, каб падчас выбараў 2020 года справакаваць пратэсты, якія могуць прывесці да кровапраліцця.

Беларусы казалі нам, што гэтая пралітая беларуская кроў, якой яны не хацелі, можа жорстка перапыніць гэты дыялог. Яны спрабавалі зрабіць вельмі шмат, каб кроў не пралілася».

Былы шэф польскай разведкі сцвярджае, што «частка маніпуляцый пратэстамі ішла з Польшчы», але спецслужбы іх не заўважылі. Ён звяртае ўвагу на канал Nexta:

«Гэты канал у пэўны момант пачаў перадаваць непублічную інфармацыю, якая паходзіла з многіх беларускіх інстытутаў: з войска, з міліцыі, з розных структур бяспекі — пра тое, як рэжым Лукашэнкі збіраецца задушыць магчымыя пратэсты пасля выбараў 2020 года.

Стаўлю пытанне, бо не маю прамых доказаў таго, што гэтыя маладыя людзі былі звязаныя з расійскімі спецслужбамі, але стаўлю пытанне: ці расіяне не маглі спецыяльна перадаваць ім гэтую інфармацыю для таго, каб будаваць пэўную напружанасць, будаваць пэўную трывогу сярод беларусаў?»

Паводле Краўчыка, нават ва ўмовах замарозкі дыялогу паміж Мінскам і Захадам кантакты паміж польскімі і беларускімі спецслужбамі падтрымліваліся. Дзякуючы ім у маі 2021 года ўдалося вызваліць трох арыштаваных настаўніц польскай мовы. Але перад гэтым, у сакавіку, за краты трапіў Анджэй Пачобут.

Як сцвярджае Краўчык, прыкладна ў той жа час беларускі бок прапанаваў перадаць журналіста Польшчы пры ўмове, што ён больш не вернецца ў Беларусь. Аднак Пачобут адмовіўся.

«З аднаго боку, гэта вельмі гераічная пазіцыя, але з другога боку, беларусы таксама ўсведамлялі, што знаходжанне Анджэя Пачобута, сімвала польскасці і польска-беларускіх адносін, у беларускай турме будзе элементам, які моцна пагаршае польска-беларускія адносіны. Іх жаданне перадаць Пачобута Польшчы, як здаецца, было прадыктаванае менавіта гэтым разуменнем», — расказвае Краўчык.

Далей Краўчык разважае пра міграцыйны крызіс, калі польскую мяжу штурмавалі мігранты з Афрыкі і Блізкага Усходу. Ён пагаджаецца, што крызіс ініцыявалі беларускія ўлады, але тут жа знаходзіць гэтаму апраўданне: маўляў, у Польшчы знаходзіліся беларускія апазіцыянеры, якія публічна гаварылі пра жаданне зрынуць Лукашэнку.

«Беларусь — гэта не закрытая тэма. Беларусь — гэта задача для Рэспублікі Польшча, для польскіх палітыкаў, польскіх спецслужбаў, польскіх інстытутаў і польскай дыпламатыі. Мы павінны і надалей імкнуцца да таго, каб Беларусь была як мага больш незалежнай і мела як мага шырэйшае поле манеўру адносна Расіі», —

даводзіць Краўчык і ў якасці прыкладаў імкнення да незалежнасці прыводзіць пратэсты 2020 года і адмову Лукашэнкі ўводзіць беларускую армію ва Украіну.

Асобна былы шэф польскай разведкі згадвае нябожчыка Уладзіміра Макея, які «памёр пры нявысветленых абставінах». Сам Краўчык мяркуе, што «гэта былі не цалкам натуральныя абставіны».

Такіх, як Макей, паводле Краўчыка, у Беларусі нямала, аднак «пакуль яшчэ занадта рана называць усе імёны».

Беларусы скептычна ўспрынялі відэа Пятра Краўчыка

«Гэта абсалютная сенсацыя, — іранізуе з заяваў былога кіраўніка польскай разведкі журналіст радыё «Свабода» Дзмітрый Гурневіч. — Ёсць дзівосныя людзі, якія маюць ілюзіі, што і пасля 32 гадоў прарасійскай палітыкі Лукашэнку ўдасца адцягнуць ад Расіі».

Адносна падазрэнняў, выказаных польскім палкоўнікам на адрас Nexta, Гурневіч кпіць:

«Хочацца спытаць самога Краўчыка, які кіраваў польскай разведкай у пратэставы ў Беларусі год: а вы самі не маглі гэтага праверыць? Рэдакцыя Nexta была ў Варшаве па адрасе, які ведаў кожны, хто ўмее карыстацца інтэрнэтам. Няўжо яго не ведала польская разведка?»

Былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін таксама з іроніяй заўважае: «Атрымліваецца, улады Беларусі больш баяліся дазволіць Анджэю Пачобуту застацца ў Беларусі, чым далейшага паглынання краіны Расіяй».

Айцішнік Юрый Сідун адзначае, што ў развагах былога шэфа польскай разведкі не хапае такой высновы ў межах ягонай жа логікі: «Яны хацелі аддаць нам Пачобута, каб не псаваць адносіны з Польшчай. Але Пачобут быў супраць. Значыць, Пачобут працаваў на Расію».

Блогер, былы палітвязень Ігар Лосік коратка заўважае: «У мяне дрэнныя навіны наконт кампетэнтнасці гэтага кіраўніка польскай выведкі».

Яшчэ больш рэзка выказаўся журналіст «Белсата» Зміцер Міцкевіч: «Калі такі кекс ШЭСЦЬ ГАДОЎ кіраваў спецслужбай, то ў мяне вельмі кепскія навіны для Польшчы».

Чытайце таксама:

Пачобут: Турэмныя наглядчыкі святкавалі напад на Украіну савецкімі песнямі

«Пакуль я ў Беларусі, я ў стане абараняць Саюз палякаў». Пачобут патлумачыў, чаму хоча вярнуцца ў Беларусь

«Калі пасадзяць зноў, то пасяджу». Пачобут пра сваё вызваленне, камеры смяротнікаў, бітву за гонар у судзе і жаданне вярнуцца

Каментары да артыкула