У Мінску прадаюць букет бэзу за 116 рублёў. І гэта са зніжкай
Бэз нельга ламаць на вуліцы (інакш штраф), але можна набыць у кветкавай краме. Журналістка выдання Myfin, аднак, заўважыла, што цэны на гэтыя кветкі не такія і бюджэтныя. Напрыклад, крама «Вальс кветак» прапануе букет бэзу за 116 BYN. Мяркуючы па прапановах іншых крам, гэта звычайная цана.
Фота: платформа Flowwow, мінская крама «Вальс кветак»
«Дафамінавы букет з бэзу», як яго назвалі, складаецца з 11 высокіх 50‑сантыметровых галінак, упрыгожаных дызайнерскай упакоўкай. Калі «на каленцы» палічыць кошт адной галінкі бэзу, выходзіць каля 10 BYN.
Мяркуючы па водгуках да букета, заказы ёсць, кліенты задаволеныя: ставяць 5 балаў з 5 максімальных.
Мінская крама LaRose прадае бэз без упакоўкі: 5 галінак за 39,77. Пазначана, што букет «сабраны сёння і гатовы да дастаўкі». Калі ў папярэднім букеце вышыня галінкі 50 см, то тут — ужо 29 см.
Таксама журналісты ўбачылі аб’яву аб продажы бэзу паштучна: па 10 BYN за галінку.
Прадавец звяртае ўвагу: сезон бэзу вельмі кароткі.
Журналіст Myfin звязаўся з адной з крам з просьбай растлумачыць, чаму бэз такі дарагі. Вось які каментарый мы атрымалі:
«Мы закупляем бэз у мясцовых фермераў, што дазваляе падтрымліваць беларускіх вытворцаў і атрымліваць свежую кветку. Цана ў 10 рублёў за галінку ўключае беражлівую дастаўку, захаванне, працу фларыстаў і ўпакоўку, каб пакупнікі атрымалі бэз у найлепшым выглядзе. Для параўнання, імпартны бэз з Галандыі каштуе амаль у два разы даражэй (і гэта толькі ў закупцы), плюс дастаўка з Галандыі нашмат складанейшая і больш доўгая па тэрмінах».
Наламаць бэзу самому, прынамсі ў грамадскіх месцах, можа абысціся яшчэ даражэй. Пра гэта нядаўна папярэдзіла Мінпрыроды.
Чытайце таксама:
Простыя букеты бэзу пры пэўных абставінах могуць стаць залатымі
У Мінску сёлета высадзяць больш за 1,2 мільёна кветак
У Нідэрландах сорт цюльпанаў назвалі «Мінск»: высокія, самавітыя