БЕЛ Ł РУС

Апалоскванне рота можа прынесці больш шкоды, чым карысці

17.05.2026 / 08:00

Ідаля Салавей

Мільёны людзей штодня карыстаюцца апалосквальнікамі для рота, лічачы, што гэта карысна для зубоў. Але ўсё больш экспертаў сцвярджаюць: для большасці людзей гэтыя сродкі не толькі непатрэбныя, але ў некаторых выпадках могуць нават павялічваць рызыку сур’ёзных праблем са здароўем.

Фота: Jose A. Bernat Bacete / Getty Images 

Апалосквальнікі для рота даўно рэкламуюць як сродак для свежага дыхання, прафілактыкі карыесу і знішчэння бактэрый. Аднак, як паведамляе выданне Daily Mail, журналісты якога паразмаўлялі з экспертамі, для многіх людзей гэты сродак з’яўляецца залішнім і можа нават нанесці шкоду.

Прафесар стаматалагічнай школы Універсітэта Глазга Дэвід Конвэй (David Conway) кажа, што не раіць выкарыстоўваць апалосквальнікі для штодзённай гігіены. На яго думку, у іх няма патрэбы, калі чалавек правільна чысціць зубы шчоткай.

Ключавым аргументам на карысць многіх апалосквальнікаў з’яўляецца наяўнасць у іх фтарыду натрыю — хімічнага рэчыва, якое ўмацоўвае зубную эмаль. Прафесар Конвэй тлумачыць, што ён не забяспечвае такой жа абароны, як належная чыстка зубоў пастай, якая пеніцца і лепш утрымліваецца на зубах.

Праблема, паводле яго слоў, заключаецца ў тым, што занадта шмат людзей палошчуць рот вадой адразу пасля чысткі зубоў, што проста вымывае фтор. Паводле словаў эксперта, лепш проста выплюнуць рэшткі пасты і не паласкаць рот. У такім выпадку фтор працягвае дзейнічаць, і патрэба ў апалосквальніку знікае.

Шкодныя складнікі

Асобную трывогу ў спецыялістаў выклікае склад некаторых сродкаў. Шэраг апалосквальнікаў утрымлівае да 27% алкаголю. Спірт сапраўды эфектыўна знішчае бактэрыі, але адначасова ж ён канцэраген — павышае рызыку раку ротавай поласці, горла і гартані.

Яшчэ ў 2014 годзе Міжнароднае агенцтва па даследаванні раку выявіла сувязь паміж выкарыстаннем апалосквальнікаў і ракам поласці рота, праўда, толькі ў тых людзей, якія карысталіся імі больш за тры разы на дзень.

Іншыя антыбактэрыйныя кампаненты таксама выклікаюць пытанні. Напрыклад, хлоргексідын — моцны антысептык. Ён дапамагае пры лячэнні запалення дзясен, малочніцы і язваў у роце. Аднак, як заўважае Конвэй, акрамя кароткатэрміновага лячэння канкрэтных захворванняў па прызначэнні стаматолага, яго нельга выкарыстоўваць рэгулярна.

Даследаванні таксама звязваюць хлоргексідын і яшчэ адзін антысептык — цэтылпірыдынію хларыд — з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Навукоўцы мяркуюць, што праблема ў тым, што гэтыя рэчывы знішчаюць не толькі шкодныя, але і карысныя бактэрыі ў роце. Апошнія дапамагаюць ператвараць нітраты з ежы (салаты і гародніны) у аксід азоту — рэчыва, якое арганізм выкарыстоўвае для рэгуляцыі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Дацэнт Бірмінгемскага ўніверсітэта і навуковы кансультант Брытанскай стаматалагічнай асацыяцыі Правін Шарма (Praveen Sharma) кажа, што навука толькі пачынае разумець ролю мікрабіёму поласці рота. Таму, на яго думку, не варта без патрэбы нішчыць усе бактэрыі антысептыкамі.

Асабліва асцярожна спецыялісты раяць ставіцца да выкарыстання апалосквальнікаў супраць непрыемнага паху з рота. Паводле Шармы, дрэнны пах часта бывае сімптомам хвароб дзясен. У такім выпадку апалосквальнік толькі маскіруе праблему, як асвяжальнік паветра, але не лечыць яе.

Тым не менш, як заўважаюць эксперты, для некаторых апалосквальнік можа стаць дадатковай дапамогай. Напрыклад, для тых, хто мае павышаную рызыку карыесу, фтарыдны апалосквальнік можа быць карысным. Такім людзям варта чысціць зубы фтарыднай пастай раніцай і ўвечары, а ў сярэдзіне дня дадаткова выкарыстоўваць апалоскванне.

Простыя спосабы пазбегнуць непрыемнага паху з рота

Спецыялісты таксама нагадваюць, што з непрыемным пахам з рота можна змагацца і без агрэсіўных антысептыкаў. Вялікае значэнне мае дастатковая колькасць сліны, якая натуральным чынам вымывае бактэрыі і рэшткі ежы.

Карэйскае даследаванне 2021 года паказала, што абязводжванне пагаршае пах з рота: у людзей з недахопам вады выпрацоўвалася менш сліны і павялічвалася колькасць серных злучэнняў, якія выклікаюць смурод.

Дапамагчы могуць і простыя звычкі — жавальная гумка без цукру, асабліва з ксілітам, а таксама хрумсткая гародніна і садавіна накшталт яблыкаў, морквы і сельдэрэю. Яны механічна ачышчаюць рот падчас жавання.

Карыснай можа быць і зялёная гарбата, якая, як мяркуецца, зніжае колькасць бактэрый, што выпрацоўваюць серныя злучэнні.

А вось кава, энергетычныя напоі і пропуск прыёмаў ежы, наадварот, могуць пагаршаць сітуацыю, бо спрыяюць сухасці ў роце.

Чытайце таксама:

Як пазбавіцца плямаў на зубах

Вось што важна для захавання здароўя вашых зубоў

Карыесу канец? Навукоўцы распрацавалі паласкальнік для зубоў новага пакалення

Вадкасць для паласкання рота можна выкарыстоўваць для розных мэтаў. Вось дзе яна дапаможа

Каментары да артыкула