Ціханоўская: Дзеці хутка вернуцца да мяне ў Варшаву. Вельмі чакаю
Пачынаючы са снежня мінулага года былы палітзняволены Сяргей Ціханоўскі практычна не з’яўляецца ў беларускай медыяпрасторы: не робіць заяў, амаль не дае інтэрв'ю журналістам, а на ягоным канале зрэдку выходзяць дзяжурныя відэа. Што здарылася з Сяргеем і ці ўсё ў яго добра? Пра гэта, а таксама пра дзяцей і жыццё ў Варшаве, выданне «Люстэрка» распытала лідарку дэмакратычных сіл Святлану Ціханоўскую.
Святлана і Сяргей Ціханоўскія з дзецьмі Карнеем і Агніяй. Жнівень 2025 года. Фота: Instagram-акаўнт Святланы Ціханоўскай
— У яго ўсё добра. Цяпер вывучае англійскую мову [у ЗША], — растлумачыла Ціханоўская. — Ён, вядома, у нейкі момант вернецца. Можа, у палітыку, можа, у блогерства. Гэта ўжо ён сам для сябе абярэ. Я вельмі радая, што яму ўдаецца даволі шмат часу бавіць з дзецьмі. Ён нібы наганяе той час, што быў без іх. Ім, вядома, цяжкавата, бо два падлеткі ў сям'і — гэта няпроста. Але ён дае рады, ён вялікі малайчына. Мы кожны дзень з імі на сувязі. І, вядома, я хацела б падтрымаць усе яго намаганні. Цяпер ён вырашыў трохі выдыхнуць, скажам так, заняцца сабой, а потым ужо абярэ, чым будзе займацца далей.
— То-бок пакуль планаў у яго няма?
— Давайце пра яго планы будзеце пытаць у яго.
— А дзеці дагэтуль з ім, не ў Польшчы?
— Яны хутка вернуцца.
— Чакаеце іх ужо, відаць?
— Ой, вельмі чакаю.
— Як яны ўсё гэта ўспрымаюць? Зноў новая краіна, новыя ўмовы…
— Ой, слухайце, усім нашым беларускім дзецям выпаў такі лёс, калі незразумела, дзе яны будуць заўтра. Разарваныя сем'і і страчаныя сябры ў Беларусі — гэта ўсё, вядома, цяжкасці. Але, гледзячы на сваіх родных, на бацькоў, бачачы, што яны спраўляюцца, падтрымліваюць адно аднаго, дзеці лепш прывыкаюць да новых абставін. Я бачу, колькі іх пайшло ў польскія ці літоўскія школы. Усе адаптуюцца, вучацца, знаходзяць новых сяброў.
Вядома, мы, беларусы, стараемся, каб дзеці сябравалі з беларусамі, але гэта не абмяжоўвае іх. І таму я думаю, што знойдуцца і новыя сябры, і новыя перспектывы. І наогул… Ведаеце, у нас ёсць такое разуменне: дзе дрэва пасадзілі, там яго і трэба вырошчваць. З пункту гледжання радзімы так і ёсць. Але [эміграцыя] — гэта таксама шанец для дзяцей убачыць іншы свет з розных бакоў.
— Як Сяргей спраўляецца? Ці пытае ў вас парады, ці тэлефануе паскардзіцца на іх?
— Надзіва добра спраўляецца. Мы ж разумеем, што яго пяць гадоў не было, так? Ды і раней ён вельмі шмат працаваў, то-бок дзеці былі ў асноўным на мне. Цяпер яны ўжо падраслі, самастойна могуць сабе і паесці прыгатаваць. Але і дзёрзкія становяцца.
У таты там свае метады выхавання. У мяне была дысцыпліна. Бо мама сказала — трэба рабіць, не саскочыш, хоць я і вельмі добрая мама. А тата… Ён так доўга быў без іх, ён хоча іх любоўю ахінуць. Таму такі нястрогі бацька аказаўся. Але ўсё роўна ён вельмі добра спраўляецца. У мяне нават няма ні каліва хвалявання, што нешта можа пайсці не так. І ўсё, што трэба, і купіць, і прыгатуе, і ўрокі павучыць, сядзіць там з імі, «змагаецца». Вядома, калі мы стэлефаноўваемся, можа паскардзіцца: «Цяжка, дзеці не слухаюцца, пабіліся», — ці яшчэ нешта. Але гэта абсалютна па-добраму. Я кажу: «Ты там больш цвёрды будзь з імі».
— Гэта вы яму кажаце быць «больш цвёрдым»?
— Так! А ён: «Ну я не магу, гэта ж дзеці».
— Як вы падтрымліваеце адносіны? Вы ж у розных гадзінных паясах. Вы ноччу з імі стэлефаноўваліся?
— У мяне ёсць перыяд часу ўвечары. Прыходзіш з працы стомленая, але ведаеш, што там дзеці. Я часта ўрокі вучу з імі. Але мы — беларускія жанчыны, мы спраўляемся.
Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс (справа) падчас адкрыцця інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Вільні. Літва, 12 траўня 2026 года. Фота: прэс-служба Офіса Ціханоўскай
— Падчас цырымоніі адкрыцця інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Вільні журналісты абмяркоўвалі, што пасля пераезду ў Варшаву вы пачалі лепш выглядаць. Сакрэт у тым, што дзеці з бацькам?
— (смяецца) Я не ведаю, наколькі лепш цяпер выглядаю, чым калі-небудзь. Але ведаеце, я пачала больш уважліва ставіцца да здароўя. Я ж таксама як жанчына бачу, што папраўляюся, хоць перыядычна і рэгулярна займаюся спортам. І калі ўжо разумееш, што вось-вось на мяжы, лічба на вагах цябе не задавальняе, пачынаеш худнець. Хоць у Варшаве я неяк яшчэ не асела, не знайшла пакуль сваёй спартзалы. Пакуль у мяне ёсць анлайн-трэнер, з якім я займаюся.
Але ведаеце што? Калі пачаліся першыя масавыя вызваленні людзей, нават не пасля першай групы і не пасля таго, як Сяргея вызвалілі, а, відаць, пасля трэцяй ці чацвёртай, я ўпершыню змагла ўздыхнуць. Бо ўсе гэтыя гады (і гэта не для краснага слоўца кажу) я жыла з пастаянным каменем на душы. А тут нібыта пайшла дынаміка — і я выдыхнула. Нават магу часам радавацца. Напрыклад, пабывала ў Варшаве ўжо на двух канцэртах. Людзі клічуць, нешта арганізоўваецца. Я тут (гаворка пра Вільню. — Заўв. рэд.) была адна і адна. Праца-дзеці, праца-дзеці.
Ну і яшчэ, відаць, таму, што спяшацца дадому не трэба. Так, і гэта таксама дапамагло. Ты можаш больш часу надаць грамадскім справам, некуды выйсці, недзе з кімсьці пасядзець, пагаварыць. У кавярні спакойна кавы выпіць. У Вільні не магла такога дазволіць, бо адразу бегла да дзяцей, урокі вучыць… Таму я вельмі ўдзячная Сяргею, што ён цяпер дапамог мне трошкі. Бо быў такі перыяд цяжкаваты
— Як вам у Варшаве? Не сумуеце па Вільні?
— Па Вільні я заўсёды буду сумаваць, бо гэта мой другі дом — так атрымалася. Заўсёды буду з вялікай удзячнасцю ўспамінаць гэтыя пяць гадоў, якія тут пражыла. Але, вядома, у больш агульным сэнсе — гэта ўдзячнасць пазіцыі Літвы, што яна прымае беларусаў, палітвязняў. Гэтая ўдзячнасць ужо ніколі і нікуды не знікне.
Што да Варшавы, то там іншая, большая, прысутнасць беларусаў, больш арганізацый, ініцыятыў. Не хачу пакрыўдзіць беларускую супольнасць у Літве, але ў Варшаве больш жыцця за кошт гэтага. Таму я там больш занятая беларусамі, чым была ў Вільні.
Пакуль у нас яшчэ няма свайго памяшкання, мы над гэтым працуем. У Вільні мы, вядома, запрашалі ініцыятывы, праводзілі розныя сустрэчы. Але Офіс у Літве быў больш такім адасобленым. У Варшаве я хачу, каб частка памяшкання Офіса стала хабам для ўсіх беларусаў. Каб кожны мог прыйсці, калі трэба папрацаваць, правесці нейкае мерапрыемства.
Хоць там ужо вельмі шмат цудоўных беларускіх месцаў: і ЦБС (Цэнтр беларускай салідарнасці), і Беларускі дом, і Музей вольнай Беларусі, напрыклад, які заўсёды прымае беларусаў. Але з’явіцца яшчэ адно такое месца.
— Можа, літоўскія ўлады ўжо спрабуюць клікаць вас назад?
— Няма такога намеру. Не хачу нікога пакрыўдзіць — мы ўсе разумеем абставіны. Офіс у Вільні застаецца дыпламатычным цэнтрам Офіса Святланы Ціханоўскай. І ён мае дыпламатычную акрэдытацыю. Я вельмі ўдзячная Літве, што, нягледзячы на мой пераезд, Офіс жыве, праводзіць шмат сустрэч і вельмі актыўна працуе з уладамі на розных узроўнях. Офіс — гэта не толькі пра Святлану Ціханоўскую, гэта інстытуцыя, якая павінная працаваць.
— А калі б запрасілі, вы б вярнуліся ці ўжо не?
— Палітычна я не разумею, як такое наогул можа адбыцца.
Чытайце таксама:
Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала паўтарылі сваё легендарнае фота ліпеня 2020 года
Ціханоўская: Лукашэнку не зменіш, трэба перастаць верыць у гэтыя ілюзіі
Ціханоўская расказала, пра што пагаварыла з Коўлам
Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў і спецпрадстаўнікоў
Дарадца Ціханоўскай заклікаў узяць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду