У Беларусі сёлета правядуць вучэнні ШАС
У Беларусі ў 2026 годзе плануецца правядзенне маштабных антытэрарыстычных вучэнняў з удзелам вайсковых і сілавых структур каля дзесяці краін, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС), паведаміла расійскае агенцтва ТАСС.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Belarusian Defense Ministry via VoenTV via AP
Пра правядзення вучэнняў паведаміў сакратар Рады бяспекі Кыргызстана Адзілет Аразбекаў падчас пасяджэння ў Бішкеку. Паводле яго слоў, краіны-ўдзельніцы пацвердзілі гатоўнасць узмацняць супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і сумесна супрацьдзейнічаць экстрэмізму і тэрарызму.
У вучэннях, як чакаецца, возьмуць удзел Беларусь, Расія, Кітай, Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, Пакістан, Таджыкістан і Узбекістан.
Падчас манеўраў будуць адпрацоўвацца сумесныя дзеянні ў крызісных сітуацыях і каардынацыя паміж арміямі розных краін. Такія вучэнні рэгулярна праводзяцца ў межах ШАС для абмену досведам і павышэння ўзаемадзеяння.
Дакладныя даты і месца правядзення пакуль не называюцца.