Зяленскі: Расія ўдарыла па доме ў Кіеве зусім новай ракетай X-101. Значыць, кампаненты завозяцца
Паводле папярэдніх даных, у дом у Кіеве пацэліла крылатая ракета X-101, вырабленая ў другім квартале гэтага года, паведаміў у сваім вячэрнім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Sean Gallup / Getty Images
«Дэталёва высвятляем, якую менавіта зброю — якія менавіта ракеты і дроны — расіяне выкарыстоўвалі гэтым разам. У Кіеве па доме, паводле папярэдніх даных, было траплянне ракеты X-101. Вытворчасць — другі квартал гэтага года. І гэта азначае, што кампаненты для вытворчасці ракет, неабходныя рэсурсы і абсталяванне Расія ў абыход глабальных санкцый усё яшчэ завозіць», — сказаў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што спыненне расійскіх схем абыходу санкцый павінна быць рэальнай мэтай усіх партнёраў.
«Мы рыхтуем крокі, якія могуць актывізаваць наша агульнае супрацьдзеянне: санкцыі павінны быць больш балючыя для Расіі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Тым часам колькасць ахвяр сённяшняга расійскага ўдару па Кіеве вырасла да 12 чалавек.