БЕЛ Ł РУС

Беларуску затрымалі ў Італіі па запыце з Мінска

14.05.2026 / 22:21

Nashaniva.com

34‑гадовую ўраджэнку Беларусі Карыну Зданевіч-Спыхальскую затрымалі ў Італіі па запыце беларускіх уладаў. Гэта адбылося 1 лютага ў аэрапорце Орыа-аль-Серыа ў горадзе Бергама падчас пашпартнага кантролю, піша Reform.news па матэрыялах італьянскай прэсы.

Карына Зданевіч-Спыхальская

У Беларусі жанчыну абвінавачваюць у нібыта наўмысным давядзенні да банкруцтва ў 2017—2018 гадах. Ордар на арышт быў выдадзены яшчэ ў 2021 годзе пракуратурай Брэста.

Сама Карынa называе абвінавачанні сфабрыкаванымі і звязвае пераслед са сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Пасля выбараў 2020 года яна ўдзельнічала ў акцыях падтрымкі Святланы Ціханоўскай каля беларускай амбасады ў Варшаве.

Пасля затрымання жанчына правяла пяць дзён у турме ў Бергама, а затым яе вызвалілі пад абавязацельства рэгулярна адзначацца ў паліцыі. Цяпер яна знаходзіцца ў Мілане і не можа вярнуцца да дзяцей у Польшчу.

Італьянская пракуратура выступіла супраць экстрадыцыі беларускі, адзначыўшы рызыку палітычнага пераследу ў Беларусі. На гэта таксама звярнула ўвагу польскае консульства, бо жанчына мае польскае і беларускае грамадзянства.

Разгляд справы працягнецца ў чэрвені ў апеляцыйным судзе Брэшыа. Адвакат Карыны дамагаецца выдалення яе даных з базы Інтэрпала, каб прадухіліць падобныя сітуацыі ў будучыні.

Чытайце таксама:

Кучынскі: Падчас візіту Ціханоўскай у Арменію беларускія ўлады спрабавалі задзейнічаць механізмы міжнароднага вышуку

Напярэдадні візіту Ціханоўскай у Арменіі затрымалі беларуса з агульнай базы росшуку

У Літве затрымалі беларуса, які знаходзіўся ў вышуку праз Інтэрпал

Каментары да артыкула