«Вялікі брат» будзе сачыць і за людзьмі на пляжы Цнянскага вадасховішча
У Мінску на станцыі Таварыства выратавання на водах «Цнянская» ратавальнікі разам з прадстаўнікамі ПВТ збіраюцца ўкараняць штучны інтэлект. Пра гэта паведаміў старшыня таварыства Андрэй Чарняўскі, піша БелТА.
Паводле яго слоў, выратавальная станцыя «Цнянская» абраная для эксперыменту не выпадкова: гэта папулярнае ў адпачывальнікаў месца. Цяпер там ужо ўсталёўваецца праграмнае забеспячэнне для распрацоўкі праграмы.
Плануецца стварыць такое ПЗ, каб сігналы бедства ад чалавека, які тоне, адразу паступалі на пост.
Аналагаў такой праграмы ў свеце пакуль няма. На працягу трох месяцаў ратавальнікі будуць адпрацоўваць практыку разам са спецыялістамі Парка высокіх тэхналогій.