БЕЛ Ł РУС

У Зімбабвэ дзівяцца, што іхні прэзідэнт сарваўся ў госці да Лукашэнкі зусім раптоўна. Перад тым ён наведаў сховішча з золатам

15.05.2026 / 16:10

Nashaniva.com

У Зімбабвэ актыўна абмяркоўваюць нечаканы візіт прэзідэнта краіны Эмерсана Мнангагвы ў Беларусь, заўважыла ў мясцовай прэсе выданне Reform.news. Ён вылецеў з Харарэ ноччу 14 мая без урачыстасцяў, якія звычайна суправаджаюць паездкі кіраўніка дзяржавы. Таксама ён не прыйшоў на развітальную вячэру ў гонар старшыні Вярхоўнага суда, што яшчэ больш прыцягнула ўвагу.

Эмерсан Мнангагва (справа) з залатымі зліткамі. Фота: x.com/edmnangagwa

Паводле інфармацыі мясцовых медыя, улады не сталі падрабязна тлумачыць мэту паездкі. Адзін з чыноўнікаў толькі паведаміў, што Мнангагва ўжо раней лётаў у Беларусь у падобным фармаце — таемна і без афіцыйнай публічнасці.

Паездка адбываецца ў час, калі ў парламенце Зімбабвэ рыхтуюцца абмяркоўваць змяненні ў Канстытуцыю. Яны могуць падоўжыць знаходжанне Мнангагвы пры ўладзе да 2030 года і адмяніць прамыя выбары прэзідэнта.

Пасля адлёту ў сацсетках з’явіліся чуткі, што прэзідэнт нібыта вывез з краіны залатыя зліткі. Гэтыя размовы ўзніклі пасля яго нядаўняга наведвання рэзервовага банка і золатасховішча.

Фота: x.com/edmnangagwa

Іншыя карыстальнікі меркавалі, што ў 83‑гадовага Мнангагвы маглі быць праблемы са здароўем.

Афіцыйнага пацвярджэння ўсім гэтым чуткам няма. Вядома толькі, што ў Мінску ўжо прайшла сустрэча Мнангагвы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Чытайце таксама:

У Беларусь завітаў прэзідэнт Зімбабвэ

Лукашэнка прапанаваў Зімбабвэ пабудаваць порт у Мазамбіку

Мінадукацыі хоча ў разы павялічыць колькасць афрыканскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ

У Беларусі зноў загаварылі пра бліскучыя перспектывы на афрыканскім рынку

Каментары да артыкула