БЕЛ Ł РУС

Папулярную візажыстку з Гродна асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі па васьмі палітычных артыкулах

18.05.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Наталля Чубоўская трапіла за краты па абвінавачванні ў садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмізму».

Наталля Чубоўская. Фота з яе інстаграма

Наталлі Чубоўскай 45 гадоў, яна жыве ў Гродне. Доўгі час працавала прафесійнай візажысткай, грымёркай і бутафоркай. Жанчына стварала вясельныя вобразы і прымала кліентак у мясцовым салоне прыгажосці. Таксама яна ўдзельнічала ў адкрыцці арт-студыі Le Grand.

Наталля Чубоўская — вядомы ў горадзе над Нёманам чалавек. У яе інстаграме больш за 9 тысяч падпісчыкаў, у жанчыны шмат кліентаў і свой салон.

Наталля Чубоўская на працы. Фота з яе інстаграма

Чубоўскую арыштавалі 25 жніўня 2025 года і змясцілі ў СІЗА. Яе абвінавацілі па васьмі палітычных артыкулах — «фінансаванне экстрэмізму» (ч. 1 і 2 арт. 361‑2 КК), «садзейнічанне экстрэмізму» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 1 і 2 арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абраза суддзі» (арт. 370 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Гродзенскі абласны суд прызначыў ёй суровае пакаранне — 5 гадоў і 5 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, ёй прысудзілі велізарны штраф — 22500 рублёў.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу і пачаў пераследаваць нязгодных.

Па словах генеральнага пракурора Андрэя Шведа, толькі да кастрычніка 2023 года было заведзена больш за 16 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі выехаць з краіны.

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай.

Чытайце таксама:

Пенсіянерцы з Мінска прысудзілі калонію па двух палітычных артыкулах. Яе затрымалі за Гаюна

Маладую айцішніцу з Innowise Group асудзілі за палітыку

Маладога дальнабойшчыка Дзяніса з-пад Чачэрска асудзілі па палітычнай справе

Каментары да артыкула