Галоўную медсястру Цэнтральнай раённай паліклінікі Баранавічаў асудзілі за палітыку і выкінулі з працы
Вольга Казлоўская аддала медыцыне больш за 20 гадоў, мела ўзнагароды ад аблвыканкама і кіравала сярэднім медперсаналам паліклінікі. Цяпер стала вядома, што яе судзілі па крымінальным артыкуле. Хоць Вользе прысудзілі хатнюю хімію, пасаду галоўнай медсястры цяпер займае іншы чалавек.
Вольга Казлоўская. Фота: nashkraj.by
Вользе Казлоўскай 48 гадоў. Яна ўсё жыццё пражыла ў Баранавічах. У юнацтве жанчына марыла стаць юрысткай і нават планавала з'ехаць вучыцца за мяжу. Але, як яна сама расказвала мясцовай газеце «Наш край», сустрэла будучага мужа і засталася ў родным горадзе, дзе на радасць бацькам скончыла медыцынскае вучылішча.
Працоўны шлях Вольгі ў медыцыне пачаўся з пасады ўчастковай медсястры. За гады працы яна вырасла да старшай участковай медсястры тэрапеўтычнага аддзялення № 2 Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі. Яе стараннасць заўважала кіраўніцтва: у 2016 годзе Казлоўская ўвайшла ў лік найлепшых медыкаў горада, якім напярэдадні прафесійнага свята ўрачыста ўручылі граматы ад Баранавіцкага гарвыканкама.
Сама жанчына кажа, што палюбіла сваю прафесію за магчымасць дапамагаць людзям.
Вольга Казлоўская. Фота з сайта Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі
З часам кар'ера Вольгі пайшла яшчэ вышэй — яна заняла пасаду галоўнай медыцынскай сястры цэнтральнай паліклінікі, па сутнасці кіравала ўсім сярэднім медперсаналам установы. На гэтай пазіцыі яна стала заўважнай адміністратыўнай фігурай, удзельнічала ў жыцці калектыву і ўрачыстых мерапрыемствах.
У 2021 годзе Казлоўскую адзначылі на абласным узроўні — яна была ўзнагароджана ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
Аднак нядаўна стала вядома, што жанчыну асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе. Невядома, калі яе затрымалі, але гэта адбылося летась — яе знялі з пасады і замянілі іншым чалавекам.
Прозвішча Ірыны Казлоўскай замянілі на прозвішча Ірыны Шобы. Скрыншоты: web.archive.org
Вольгу прызналі вінаватай паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Звычайна апошнім часам па гэтым артыкуле судзяць за перадачу звестак у чат-бот праекта Беларускі Гаюн.
Ёй прысудзілі хатнюю хімію.
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў вайсковую актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках ці на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
Чытайце таксама:
Маладую айцішніцу з Innowise Group асудзілі за палітыку
Былога вайскоўца, а цяпер электрамеханіка з Блудня асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Пенсіянерцы з Мінска прысудзілі калонію па двух палітычных артыкулах. Яе затрымалі за Гаюна